Новыя Правілы дарожнага руху: забароняць пераход дарогі ў слухаўках і каптуры?


Не толькі глядзі, але і слухай! Праект новых Правілаў дарожнага руху прадугледжвае адміністратыўнае пакаранне за пераход праезнай часткі ў слухаўках. Таксама пры пераходзе дарогі нельга будзе глядзець у тэлефон ці мець на галаве каптур.

Марыя Вашкевіч, інструктарка контраварыйнага кіравання:

«Мяне ў гэтым выпадку заўсёды цікавіць пытанне, якім чынам гэта будзе кантралявацца, якім чынам гэта будуць даносіць да шырокіх масаў, і ці будзе няўхільнасць пакарання».

Пра меркаванне аб новых імаверных забаронах мы спыталі жыхароў Менску:

«У каптуры? Адназначна я за. Я падтрымліваю такі закон, калі ён будзе. Бо ў каптуры, калі іду, я не звяртаю ўвагі, гэта значыць я не бачу, што ў мяне адбываецца злева, справа. Ну і навушнікі, яны перашкаджаюць».

«Я станоўча да гэтага стаўлюся, бо пешаходы, калі яны ідуць, не бачаць кіроўцы. І калі яны будуць чуць і бачыць, што адбываецца вакол, тады менш шанцаў, што здарыцца ДТЗ».

«Я думаю, што гэта таксама правільна, бо калі пешаход ідзе ў навушніках, то ён адцягваецца на гэта, напрыклад, калі яму хтосьці ззаду пасігналіць, то ён гэтага не пачуе».

Плануюць увесці ў абноўленыя Правілы дарожнага руху новы тэрмін – «сродак персанальнай мабільнасці». То бок такія віды транспарту, як самакаты, сэгуэі ці гіраскутары. Аляксандр Канапліцкі, эксперт у ПДР і ДТЗ, каментуе:

«Як асобнага тэрміну яго нідзе няма, і ён у праекце нават не значыцца, спрабуюць гэта зрабіць у панятку «пешаход». Як можна быць пешаходам, калі ў электрасамакату ёсць рухавік? У правілах напісана так: механічны транспартавы сродак – гэта транспартавы сродак, прыводны ў рух рухавіком. Значыць, там ёсць рухавік. Прыводзіцца ў рух рухавіком. Адпаведна што? Механічны транспартавы сродак. Механічныя транспартныя сродкі па тратуары рухацца не павінныя».

Чаго ж ад імаверных змяненняў можа чакаць грамадства? Аляксандр Канапліцкі, эксперт у ПДР і ДТЗ:

«Змены, якія плануецца ўвесці, зробяць нашыя правілы яшчэ больш заблытанымі, хоць павінна быць наадварот, правілы павінныя быць зразумелыя ўсім і не мець дваякага тлумачэння, толькі тады можна будзе паменшыць колькасць і ДТЗ, і іншых выпадкаў на дарозе».

Гэтак паўстае пытанне, ці варта ўвогуле на гэтым этапе змяняць закон. Марыя Вашкевіч, інструктарка па контраварыйнаму кіраванню:

«Увесь час усё змяняецца. Яшчэ некалькі гадоў таму не было такой колькасці ровараў, то бок існавалі нейкія асобна ўзятыя спартоўцы і людзі, якія каталіся па парках. Зараз з кожным годам усё больш і больш узрастае, і зразумела, што ўсё ўвесь час змяняецца, пастаянна змяняецца загружанасць дарог, пастаянна з’яўляецца нешта новае, і закон не можа быць так напісаны: раз і назаўжды».

Грамадскае абмеркаванне новай рэдакцыі Правілаў дарожнага руху адбылося сёлета ў траўні, цяпер дакумент узгадняюць кампетэнтныя органы.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu