Новы вандалізм у Курапатах


Курапаты – месца пакутаў і памяці пра сталінскія рэпрэсіі. У 1930-ыя–40-ыя гады ў гэтым лясным масіве на ўскрайку Менску працаўнікі НКВД расстралялі дзясяткі тысячаў тых, каго дзяржава прызнавала «ворагамі народу». Сёння на помніку забітым узнік надпіс з абяцаннямі вярнуць гэткую практыку.

«Відаць, хацелі намякнуць, што расстрэльвалі бязвінных людзей, і гэта можа неяк паўтарыцца».

«Я лічу, што гэта невыпадкова, бо ў нашым грамадстве ідзе сутыкненне двух поглядаў на жыццё, і гэта правакацыя».

Пра ўчынак стала вядома з публікацыяў у інтэрнэце. Калі ва ўрочышча прыехалі неабыякавыя менчукі, змыць надпіс спрабаваў працаўнік лясгасу. Сітуацыя абурыла таксама і выпадковых мінакоў.

«У такіх месцах нельга чыніць вандалізм, пагатоў там камень з іконай быў».

«Усё, што вяртае нас да тых часоў і тых падзеяў, ні да чаго добрага не прывядзе».

«Канечне вернемся, мы ўжо вярнуліся».

Змаганне актывістаў за ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў трывае ў Беларусі фактычна з моманту адкрыцця Курапатаў. Неаднаразова на загад уладаў тут знішчаліся ўсталяваныя людзьмі крыжы. Невядомыя бурылі лаву Клінтана – помнік ад былога прэзідэнта ЗША падчас ягонага візіту ў Менск. Некалькі гадоў таму ў былой ахоўнай зоне мемарыялу дазволілі пабудаваць рэстаран «Поедем поедим». Праціўнікаў забаўляльнай установы на касцях штрафавалі ды арыштоўвалі.

«Палітычныя рэпрэсіі – гэта заўсёды была аснова палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, падаўленне палітычных апанентаў, фізічнае, псіхалагічнае, ціск на палітычных апанентаў, таксама замарозка грамадства, каб ніхто нічога не мог сказаць. Усё гэта, безумоўна, нараджае паралелі са сталінскімі часамі, Лукашэнка іх не любіць, Лукашэнка і х не хоча», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Падчас свайго кіравання Лукашэнка ні разу не наведаў Курапатаў. Цяперашні акт вандалізму абумоўлены нагнятаннем прапаганды ґвалту з боку ўладаў, мяркуе гісторык Дзмітрый Дрозд.

«Яны не разумеюць, што такое практыка НКВД, што такое рэпрэсіі. Яны думаюць, відаць, што яны чыстыя, невінаватыя, што з-за гэтага яны застануцца па-за рэпрэсіямі. Але рэпрэсіі, сталінскія рэпрэсіі – гэта выпадковы працэс, пад які падпала 99,9 % увогуле невінаватых людзей», – мяркуе гісторык Дзмітрый Дрозд.

Па факце прычынення шкоды гістарычна-культурнай каштоўнасці, да якой належаць Курапаты, маюць прыцягваць да адказнасці. Аднак ці будуць? Ранейшых выпадкаў вандалізму ва ўрочышчы міліцыя не расследавала.

Юлія Лабанава, «Белсат»