Вольга Палашавец пачала губляць зрок пасля пнеўманіі, перанесенай у дзяцінстве. Канчаткова жанчына перастала бачыць пасля нараджэння другога дзіцяці. Але інваліднасць не замінае ёй больш за 20 гадоў займацца бізнесам.
У Вольгі доўгі час была ўласная турыстычная фірма. Але пасля нараджэння трэцяга дзіцяці яна зразумела, што хоча мець такі бізнес, дзе здолее рэалізоўвацца напоўніцу. І выключна за свае грошы, без аніякіх грантаў і субсідыяў, яна адкрыла спа-студыю «Алтэя».
«Штодзённая праца, каб прываблівалася плынь кліентаў, каб пашыраўся спектр працэдураў на рынку, каб мы займалі прыстойную нішу на сёння. І працы было зроблена вельмі шмат і мной, і калектывам, з якім я працую», – дзеліцца сакрэтамі поспеху Вольга.
Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:
Вольга не пазіцыянуе сваёй студыі як інклюзіўнай, хоць там працуюць у тым ліку і людзі з інваліднасцю. Бярэ іх на працу выключна за прафесійныя якасці.
«Маёй увагі гэта аніяк не адцягвае. Калі чалавек – прафесіянал, то гэта яму аніяк не перашкодзіць. Я прыходжу сюды і атрымліваю ўсё, што хачу: масаж і добры сэрвіс», – кажа Аляксандра Драздова, пастаянная кліентка студыі.
Тэхналагічны прагрэс зрабіў вядзенне бізнесу для людзей з парушэннямі зроку значна прасцейшым. З’явіліся галасавыя праграмы, якія дапамагаюць прачытаць важны дакумент ці напісаць паведамленне. Вашымі вачыма становіцца голас.
Міхась Антоненка з Беларускага таварыства інвалідаў зроку кажа, што калі тыя ж смартфоны, фільмы, кнігі ды нават шыльды робяцца даступнымі для невідушчых, то з тым жа грамадскім транспартам – вялікія праблемы.
«Вельмі клапотная справа – знайсці нумар свайго аўтобуса ці тралейбуса, сесці ў яго і даехаць да таго прыпынку, які табе патрэбны», – наракае ён.
Паводле Міхася, добрыя зрухі для людзей з парушэннямі зроку ёсць. Гэтак, сёлета Міністэрства адукацыі пачало навучаць невідушчых людзей IT-спецыяльнасцям.
Ксенія Тарасевіч belsat.eu