«Не дай бог пажар – машыны будуць гарэць адна за адною». Улады ўшчыльняюць цэнтр Гомля


На месцы двара – шматпавярховік. Жыхары дамоў па вуліцы Рагачоўская і Савецкая ў Гомлі выступаюць супраць будаўніцтва 10–ці пад’езднага дому ў іх двары. Мясцовыя актывісты за паўгода паспелі звярнуцца ва ўсе інстанцыі ды нават адміністрацыю прэзідэнта. Безвынікова. Цяпер жыхары гатовыя да скрайніх мераў.

«Раней зімою тут была коўзанка, дзеці каталіся на каньках, гулялі ў снежкі. Цяпер гэтага нічога няма, пастаянна стаяць машыны, дзецям пагуляць няма дзе ўвогуле!» – распавядае Ірына Ганчарова, жыхарка дому № 2а, вул. Рагачоўская.

Шчыльна так, што няма дзе і яблыку ўпасці, амаль гістарычны цэнтр гораду – перакрыжаванне вуліцаў Савецкай і Рагачоўскай, побач універмаг. Аднак будоўля ў дварах, пра якую жыхароў не папярэдзілі, распачалася стаханаўскімі тэмпамі!

«Тут і так усё застаўленае машынамі, забіта ўсё, не дай бог здарыцца пажар, нават не дом загарыцца, проста машыны загарацца, тут будуць гарэць яны, як свечкі, адна за адною. Камунікацыі тут усе старыя яшчэ з 50-ых гадоў!» – гаворыць Аляксандр Сянатаў, жыхар дому № 52, вул. Савецкая.

А гэта суседні дом – хрушчоўка 1965-га года пабудовы. Ад пад’езду да плоту навабуду тут зусім некалькі крокаў, а паводле стандартаў МНС ад падʼезду да будаўнічай пляцоўкі мусіць быць не менш за 6 метраў. Апрача гэтага, жыхары заўважылі такія шчыліны ў сценах, якія зʼявіліся з пачаткам будаўніцтва дзесяціпавярховіку:

«У мяне нават два пальцы туды кладуцца, і так ідзе па ўсім падʼездзе. Пачынаючы з першага да пятага паверху».

Жыхары перакананыя, што ў абыход заканадаўства не былі праведзеныя належным чынам грамадскія слуханні, дзе можна было выказацца ды абараніць сваю пазіцыю. Андрэй, жыхар дому № 52, вул. Савецкая:

«Чыноўнікі даюць адказ, што грамадскіх абмеркаванняў не павінна праводзіцца, бо гэта было запланаванае яшчэ ў 2006 годзе. Яны спасылаюцца на тое, што слуханні праводзіліся нібыта пра іншы абʼект, і нібыта гэтыя абʼекты ішлі разам, але ніякіх дакументаў і пратаколаў яны не падаюць».

Да таго ж будоўля – у беспасярэдняй блізкасці да дзіцячага садку і нават зойме частку яго тэрыторыі.

«Жыльцы бачаць толькі адзін выхад у сітуацыі – блакаваць праезд на будоўлю і блакаваць праезд будаўнічай тэхнікі», – кажа жыхар дому № 52, вул. Савецкая Андрэй.

Аднак такая крайняя захада ўжо наўрад ці дапаможа. Забудоўнікі добра ведаюць, што галоўнае ў такіх праектах – хутка пачаць працу, каб прыпыненне будоўлі прызналі немэтазгодным.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Малюнак Дэ Лёс