Амаль паўгода жыхары вёскі Пестуніца Віцебскага раёну жывуць без харчовай крамы. Замест яе тройчы на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка. Дачакацца, закупіцца і не замерзнуць – гэта цяпер тры асноўныя правілы выжывання для вяскоўцаў.
«Во і чакай, 86 мне, а трэба чакаць. Прысела ў цёпленькае, затаварыцца і пайсці. Я сірата Вялікай Айчыннай, а не заслужыла добрага абслугоўвання, усё жыццё пражыла сіроцкае, і старасць, а цяпер мерзнуць трэба, дык гэта яшчэ снягоў няма…» – наракае вяскоўка.
У Пестуніцы – больш за 300 жыхароў. А найбліжэйшая стацыянарная крама – за 10 кіламетраў.
«Ну, што-небудзь закончылася, той жа хлеб. Гэта мне трэба 10 кіламетраў ехаць, каб купіць гэты хлеб і паесці супу з хлебам, разумееце? Ой, увогуле кашмар!» – абураецца жыхарка Пестуніцы Юлія.
«Дзякуй, едзе аўталаўка – дык да яе ж трэба паспець. Або чакай, стой, загадзя прыходзь і мерзні, або потым ляці на ўсіх ветразях. Раз бегла, дабегла сюды і не паспела, без хлеба засталася. Ну нічога, блін спякла, з’ела, жывая ж бабуля…» – гаворыць пенсіянерка Надзея Мікалаеўна.
Хлеб, цукар, соль, алей – жыхары Пестуніцы не песцяць сябе раскошай. Гарэлку ў аўторак не купляюць. І наракаюць на вялікія нацэнкі: нават запалкі тут на дзве капейкі даражэйшыя, чым у горадзе.
«Ой, цэны, канечне, атамныя. Калі ў горадзе яблыкі па адной цане магу купіць, то тут у два разы даражэйшыя, дакладна. А дзіцяці ж садавіна патрэбная! Ну што там, хлеб, батон, мясное таксама па атамнай цане», – сцвярджае спадарыня Юлія.
У колішняй краме кошты былі не такія «атамныя». Але цяпер яна пад замком. Яшчэ ў ліпені звольнілася прадавачка, а знайсці новай не могуць. Чаму? Сваё меркаванне на гэты конт мае мясцовая актывістка і блогерка Алена Янушкоўская:
«Па-першае, мала плацяць. Па-другое, райспажыўтаварыства ўсім віннае, і ўсе свае даўгі яны спісваюць на прадаўцоў. Прадавец у Суйкаве праз гэта атрымала судзімасць. Мала таго, што спісваюць даўгі на прадаўцоў, дык яны бяруць іх без спецыяльнай адукацыі, проста з вуліцы людзей, яшчэ і прымушаюць іх браць пратэрміноўку».
Дык ці шукаюць прадаўца, і калі нарэшце адкрыецца крама ў Пестуніцы? Запыталіся пра гэта па тэлефоне ў намесніцы старшыні Віцебскага райвыканкаму Алены Студзянцовай:
«Пестуніца ў нас пазначаная чырвоным і, у прынцыпе, над ёй працуюць. Усё ім там арганізавана! Яны вельмі дзякавалі, на выбары ўвогуле стаяла цэлы дзень аўталаўка. Таму яны там ніяк не без гандлю. Так, хочацца нешта вырашыць і наконт стацыянару – дык вырашыцца і наконт стацыянару», – адказала чыноўніца.
І сапраўды – вырашылася. Літаральна на наступны дзень пасля нашае паездкі ў Пестуніцу мясцовых жыхароў заклікалі на сход у сельсавет. Чыноўнікі з райвыканкаму запэўнілі: прадавец ёсць, краму адчынім у студзені 2020-га.
А калі не атрымаецца? Дык налета выбары прэзідэнцкія – магчыма, і на іх аўталаўка яшчэ цэлы дзень пастаіць.
Зміцер Казакевіч belsat.eu