Нафтавы манеўр Расеі можа зблізіць Беларусь з Еўропай


Пытанне на 10 мільярдаў долараў. Мелі дамовіцца, але ніякіх афіцыйных заяваў не прагучала. Больш за тое, паводле неафіцыйных крыніцаў, віцэ-прэм‘ер Расеі Дзмітрый Козак напярэдадні не стаў абмяркоўваць пытанне падатковага манеўру са сваім беларускім калегам Ігарам Ляшэнкам і амбасадарам Беларусі ў Расеі Уладзімірам Сямашкам.

Валер Карбалевіч, палітолаг тлумачыць:

«Можа быць, і эканамічныя нейкія чыннікі – магчыма, прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў расейскімі кампаніямі. Магчыма, нейкія вайскова-палітычныя, кшталту вайсковай базы. Магчыма, нейкія крокі дзеля палітычнай інтэграцыі – нейкія наднацыянальныя органы».

Акурат пра больш шчыльную палітычную інтэграцыю неафіцыйна гаворыцца ў кантэксце кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру. У публічнай жа прасторы расейскі бок не выказаў ніякіх патрабаванняў да Беларусі. Згодна з экспертамі, жорсткая пазіцыя Расеі ў эканамічных пытаннях можа стаць і пазітыўным фактарам для Беларусі, штурхаючы ўлады да дыверсіфікацыі эканомікі і больш шчыльнай супрацы як з Еўрапейскім звязам, гэтак і з больш далёкімі краінамі. Пра важнасць гэтак званай «дальняй дугі» неаднаразова казаў і Аляксандр Лукашэнка.

«Калі ўрэшце Козак, Пуцін, Мядзведзеў скажуць «больш не дамо» – то добра, урэшце нашыя ўлады пачнуць чухаць патыліцы і думаць пра тое, як выжываць без энергетычнай дапамогі, і пра тое, чаго вартыя гэтыя інтэграцыйныя аб’яднанні, у якіх яны ёсць, – і СНД, і Саюзная дзяржава, і ЕАЭС», – кажа Яраслаў Раманчук, дырэктар цэнтру Мізэса.

Гэтак, у аўторак Аляксандр Лукашэнка прыняў амбасадара Нямеччыны ў Беларусі Пэтэра Дэтмара:

«Немцы нас разумеюць, успрымаюць. Па-другое, гэта тэхналагічная краіна, моцная. І мы зацікаўленыя ў тэхналогіях і інвестыцыях вашай краіны».

Паводле экспертаў, гэта ёсць своеасаблівым знакам Крамлю, што для Беларусі свет клінам на Маскве не сышоўся і мы маем апірышча і ў іншых краінах. Хоць і апора патрэбная істотная, бо згодна з інфармацыяй айчыннага Мінфіну, правядзенне Расеяй падатковага манеўру можа скараціць даходы бюджэту Беларусі ажно на 20 адсоткаў.

«Я не думаю, што Расея пойдзе на жорсткія захады, асабліва з улікам таго, што ў яе востры канфлікт з Захадам. І таму я думаю, што будзе нейкі кампраміс. Хаця канфлікт не выключаецца. Дык і, уласна кажучы, уся гісторыя беларуска-расейскіх дачыненняў – гэта гісторыя канфліктаў», – гаворыць Валер Карбалевіч, палітолаг.

Толькі на мінулым тыдні падчас паседжання Еўразійскага эканамічнага савету Лукашэнка выказаў прэтэнзіі да Расеі наконт кошту за газ – 130 долараў за тысячу кубаметраў для Беларусі супраць 70-ці долараў – для расейскіх спажыўцоў. На гэта Пуцін заўважыў, што рынкавы кошт для нашай краіны быў бы каля двухсот долараў. У выніку ж Лукашэнку давялося публічна прасіць прабачэння за «нядобрыя выказванні».

І Менск, і Масква імкнуцца не рабіць сур’ёзных саступак. А тут яшчэ не самыя простыя асабістыя дачыненні Лукашэнкі і Пуціна. Так што падатковы манеўр Масквы можа завесці беларуска-расейскія стасункі ў крутое піке.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu