На Глыбоччыне ўпершыню ўшанавалі адначасова ахвяраў нацыстаў і камуністаў


Ушанаваць не Леніна, а ахвяраў камуністычнага рэжыму прыйшлі ў мемарыяльны комплекс «Барок» каля сотні вернікаў з Глыбокага. З ініцыятывы мясцовага каталіцкага святара ўпершыню адначасова былі ўшанаваныя ахвяры, як нацыстаў, гэтак і камуністаў.

Мемарыяльны комплекс «Барок» на Глыбоччыне – вядомае месца памяці больш як дваццаці сямі тысячаў савецкіх ды італьянскіх ваеннапалонных, што загінулі тут ад голаду, холаду ці былі расстраляныя нацыстамі напрыканцы Другой сусветнай вайны ў лагеры смерці.

А яшчэ тут 24 чэрвеня 1941-га падчас эвакуацыі зняволеных з турмы ў Беразвеччы, што цяпер стала часткай Глыбокага, начальнік установы на прозвішча Прымашэў загадаў расстраляць адразу 600 чалавек! Пазней савецкая вайсковая пракуратура прызнае гэта інцыдэнт законным!

«Ніхто не перапрашаў публічна за грахі гэтага рэжыму ў нашай краіне, ніхто не пакаяўся за забойствы людзей, за вываз людзей за рэпрэсіі! Хто гэта будзе рабіць калі не касцёл?» – кажа святар Мікалай Ціхановіч.

Падчас імшы ксёндз Мікалай прыгадаў усіх загінулых і прадэманстраваў спісы людзей з турмы НКУС у Беразвеччы. Толькі памяці пра тыя зверствы камуністаў у комплексе «Барок» няма. Цяпер дакладна ніхто не ведае, дзе выконваўся крывавы загад, дарэчы, не адзіны такі ў Глыбокім.

«Каб не быць якімі-небудзь манкуртамі, мы мусім гэта ўсё памятаць, і нам вельмі доўга не давалі гэтых ведаў праўдзівых, а цяпер пачало ўсё больш-менш наладжвацца з памяццю, і таму мы тут», – гаворыць жыхар Глыбокага Чэслаў Чарабкоўскі.

Менавіта пра тое, як шанаваць памяць пра сталінскія рэпрэсіі, гутарылі сёння і ў літоўскай амбасадзе. Гісторыкі, актывісты і грамадскія дзеячы дзяліліся літоўскім досведам ды гледзішчамі на рэпрэсіі 30-х – 40-х.

«Тэма сталінскіх рэпрэсіяў, як і тэма Галакосту, у Літве шырока вывучаецца, але, на жаль, некаторыя дакументы пакуль яшчэ не даступныя. І пакуль нават мы нічога не можам з гэтым зрабіць», – каментуе Норбяртас Чарняўскас, гісторык, Літва.

Паводле ж нашых гісторыкаў, галоўная прычына адсутнасці памяці пра злачынствы сталінскага часу – зусім не архівы. Распавядае Мікола Крывальцэвіч, кандыдат гістарычных навук:

«Усведамленне велізарнай колькасці людзей і асабліва той часткі, якая не хоча нічога мяняць, якая хоча жыць, як сабака, якога выгналі з будкі ды сказалі: ідзі ды сам сабе шукай хлеб… Такі сабака заўсёды захоча вярнуцца ў будку ды чакаць, калі гэтую місу паставяць пад нос».

Паводле Крывальцэвіча, які разам з Зянонам Пазняком у 80-ыя гады займаўся раскопкамі ў Курапатах, пераходны перыяд вяртання да рэальнага ўспрымання жыцця будзе значна складанейшы і даўжэйшы. Таму чакаць з’яўлення памятнага знаку ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Бароку на Глыбоччыне таксама пакуль не выпадае.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu