Адмовіцца ад гэтак званага падатку за дармаедства, не гнацца за запаветнымі $ 500 сярэдняга заробку, рэарганізаваць дзяржсектар і прыпыніць падтрыманне стратных прадпрыемстваў. Місія МВФ на штогадовай кансультацыі акрэсліла праблемы беларускай эканомікі.
«Многія прадпрыемствы залежаць ад дзяржпадтрымцы ў выглядзе субсідыяў, крэдытаў і прамых трансфераў капіталу. Да таго ж Беларусь сутыкнулася з негатыўнымі дэмаграфічнымі тэндэнцыямі, што суправаджаецца скарачэннем працоўных рэсурсаў», – зазначыў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Пітэр Долман.
Толькі на дапамогу стратным прадпрыемствам штогод выдаецца больш за 2 % унутранага валавога прадукту краіны.
«Вось народ наш не вытрымае цяжару рэформаў, рэформы – гэта абавязкова падзенне ўзроўню жыцця, ён будзе патрабаваць заробкаў, якія рэформы, трэба даць яму паесці, трэба цяпло ў дамах і гэтак далей. Пад гэтымі прычынамі і адкладалі рэформы. На самай жа справе губляць ужо няма чаго – далей толькі горш будзе», – упэўнены эканаміст Леанід Злотнікаў.
Менск ахвотна ідзе толькі на павышэнне тарыфаў ЖКГ. Да поўнай кампенсацыі аплатаў самым насельніцтвам Беларусь ідзе ўжо не першы год і гэтак будзе ўжо праз два месяцы – толькі кошт ацяплення беларусы не будуць пакрываць цалкам самі.
«Калі беларускія ўлады не распачнуць дадатковых крокаў, то сярэднетэрміновай эканамічны рост будзе абмежаваны ўзроўнем у 2 % у год. А сама Беларусь застанецца ўразлівай да шокаў, якія выклікаюць парушэнне працы эканомікі, што мы ўжо назіралі ў папярэднія гады», – патлумачыў Пітэр Долман.
І тут пачынаюцца рознагалоссі паміж бачаннем беларускай эканомікі МВФ і Менску. Фонд настойліва раіць рэфармаваць неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы. Улады ж асцерагаюцца знікнення працоўных месцаў, праўда, колькіх бы працоўных закранула перабудова дзяржсектару, сказаць не можа ніхто. МВФ раіць прадугледзець да Br 1 млрд на ўмацаванне сацыяльнай абароны і дапамогу беспрацоўным. Менск жа адмаўляецца нават адмяніць падатак на дармаедства і спадзяецца толькі на новую крэдытную праграму.
«Крэдыты добра былі б, пры ўмове, што яны не будуць праедзеныя, а потым не будзе як аддаваць – вось чаму МВФ не спяшаецца нам даваць грошы. Гэта толькі пагоршыць становішча краіны і праз два гады наагул будзе не $ 350 зарплата, а $ 150, калі будзем так браць не думаючы», – даводзіць Леанід Злотнікаў.
Беларусь актывізавала кантакты з МВФ два гады таму – акурат тады, калі разлічылася па першай праграме стэндбай. Летась краіна пачала перамовы пра чарговую крэдытавую праграму на $ 3 млрд.
Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum