Моладзь з'язджае з Беларусі. Чаму?


Лайкі, каментары, чаты і гульні – моладзь усяго свету загразла ў інфармацыйных плынях і сучасных тэхналогіях ды, магчыма, нават і не заўважыла, што 12-га жніўня адзначаюць Міжнародны дзень моладзі. У гэтым годзе лейтматыў свята – «бяспечныя пляцоўкі для моладзі». У большасці краінаў ААН на гэтую тэму ладзяць канферэнцыі, дыскусіі, імпрэзы.

Амаль кожны пяты жыхар Беларусі – гэта прадстаўнік моладзі ад 14-ці да 31-го года, паведамляе Белстат. Але ж яшчэ тры гады таму маладым быў кожны чацвёрты. Статыстыка несуцяшальная: з Беларусі выцякаюць сотні тысячаў маладых і перспектыўных мазгоў. Моладзь з’язджае туды, дзе ёсць умовы развіцця, а значыць – і годная будучыня.

«Гэта досвед, гэта іншыя краіны, гэта вывучэнне іншай культуры, нацыяў, паводзінаў», – кажа жыхарка Менску.

Мы запыталі жыхароў Менску, якія праблемы больш за ўсё хвалююць беларускую моладзь, а значыць – правакуюць эміграцыю.

Менчукі кажуць:

«Нізкі заробак – ён настолькі нізкі, што немагчыма нават стварыць сямʼю, стасункі. Калі гэта жытло, то яно абавязкова здымнае, бо ў цябе няма магчымасці аплаціць. Вельмі-вельмі высокія цэны».

«Мне падаецца, у нашай краіне што ахова здароўя, што адукацыя – нуль. Як ні круці. Таму калі б была магчымасць цяпер, я б таксама зʼехала ў іншую краіну – хаця б проста зарабіць грошай, пажыць».

«Большая частка фінансаў сыходзіць на базавыя патрэбы, не дазваляючы чалавеку неяк патраціць гэтыя сродкі на самаразвіццё, хобі ці нешта яшчэ».

А нават калі і хочаш самарэалізавацца і зарабіць самастойна, то часта не даюць, скардзяцца апытаныя намі маладзёны. Існуюць, вядома і іншыя меркаванні. Што праўда, тых, у каго ўсё добра, мы адшукалі з вялікімі цяжкасцямі.

Жыхары Менску кажуць:

«Я нічога не скажу, бо ў нас усё забаронена».

«Напэўна, штосьці зроблена. Шмат гурткоў для моладзі, шмат заняткаў. Было б толькі жаданне».

«Паслухайце нашыя навіны! Паглядзіце навокал! Колькі ўсяго адчыняецца – басейны, цэнтры, стадыёны, корты. Гэта цудоўна!».

Вось толькі сапраўдных праблемаў у беларускім тэлебачанні не пакажуць.

Сябра Рады моладзі БНФ Юрый Лукашэвіч адзначае, што магчымасці знайсці сябе, да прыкладу, у палітычнай сферы нашай краіны ды паспрабаваць нешта змяніць у большасці грамадзянаў няма. Прыярытэт – заўжды ў праўладных арганізацыяў. Атрымліваецца своеасаблівае замкнёнае кола – і ў выніку нічога не змяняецца.

«Толькі змены і кардынальныя змены. Перш за ўсё – у сістэме адукацыі, у падыходзе ўвогуле да моладзі, да моладзевай палітыкі. Перш за ўсё трэба прызнаць, што не толькі БРСМ існуе, але ёсць і іншыя арганізацыі», – адзначае сябра рады Моладзі БНФ Юрый Лукашэвіч.

А каб людзі заставаліся працаваць на гэтую краіну і адначасова не гублялі магчымасці развівацца, трэба, каб дзяржава менш умешвалася ў справы гэтых людзей, упэўнены сябра Рады моладзі БНФ.

Валіза, вакзал, замежжа. Больш за 171 тысячу беларусаў сёлета ўзялі ўдзел у латарэі на атрыманне віду на жыхарства ў ЗША – гэтак званай ґрын-карткі. Для параўнання, яшчэ два гады таму колькасць ахвотных эміграваць не перавышала і ста тысячаў. Але едуць не толькі за акіян. Летась адная толькі Польшча выдала беларусам амаль 419 тысяч візаў. Тэмпы росту – рэкордныя!

Аднак ва ўладаў Беларусі – на праблему свой погляд.

«Не шукайце нічога ў свеце лепшага. Там, за бугром, вам будзе яшчэ цяжэй знайсці сваё жыццё», – казаў раней Аляксандр Лукашэнка.

Што праўда, ані статыстыку, якую бачыш на ўласныя вочы, ані законаў рынку не падманеш.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Фота – president.gov.by