Мінус Цапкала. Да рэгістрацыі могуць дапусціць толькі шасцярых вылучэнцаў


Яшчэ мінус адзін. Папулярнага вылучэнца на прэзідэнцкую пасаду Валерыя Цапкалу здымаюць з выбараў. Сапраўднымі прызналі толькі 75 тысячаў подпісаў. Гэтага не хапае дзеля рэгістрацыі ў якасці кандыдата. Найбольшую колькасць подпісаў Цэнтрвыбаркам пацвердзіў дзейнаму кіраўніку краіны. Іх амаль два мільёны. Сам вылучэнец – сёння наведвае Расейскага калегу.

Вялікая мабілізацыя беларусаў, старанная праца ініцыятыўнай групы Валера Цапкалы і 160 тысячаў подпісаў, якія занеслі ў ЦВК. Каманда Лідзіі Ярмошынай забракавала больш чым палову. У праграме «ЧЭЗ next» на тэлеканале РБК вылучэнец казаў:

«Калі нейкая колькасць подпісаў будзе прызнаная несапраўднаю, мы будзем у законным парадку абскарджваць гэта рашэнне».

Ніколі раней такія абскарджанні не давалі плёну… Таму на гэтым этапе ў выбарчай гонцы можа застацца толькі шэсць вылучэнцаў. Скараціцца гэты спіс можа таксама пры пытаннях да дэкларацыі аб даходах. Ніколі не было праблемаў ні з дэкларацыяй, ні з подпісамі, ні з колькасцю галасоў у дзень выбараў – толькі ў нязменнага кіраўніка краіны. Сёння ўладальнік амаль двух мільёнаў подпісаў у сваю падтрымку выступаў пад расейскім Ржэвам.

«Сёння мы адкрываем помнік воінам, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх народаў Савецкага Саюзу», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Лідары краінаў адзіныя ў імкненні захоўваць памяць пра Другую Сусветную, а таксама ў імкненні да захавання ўласнай улады. 1 ліпеня, у Расеі апошні дзень агульнанацыянальнага галасавання за папраўкі ў Канстытуцыю. Укарэненае ў Беларусі датэрміновае галасаванне там выкарыстоўвалі ўпершыню. Вырашылі прымяняць яго і на выбарах.

«Папраўкі ў асноўны Закон у выпадку вашай падтрымкі замацоўваюць гэтыя прынцыпы як вышэйшыя безумоўныя Канстытуцыйныя гарантыі», – кажа Уладзімір Пуцін.

Уладзімір Жарыхін з Інстытуту краінаў СНД з Масквы лічыць, што на вайсковыя імпрэзы, як на нядаўні парад і цяпер – адкрыццё мемарыялу, Лукашэнка зачасціў дзеля ўтрымання свайго электарату.

«Апроч БРСМ у Беларусі сацыялогіяй ніхто нібыта не займаецца. Але ж насамрэч займаюцца, проста не публікуюць. Рэальную сітуацыю і Лукашэнка і ягоная Адміністрацыя ведаюць», – кажа Уладзімір Жарыхін з Інстытуту краінаў СНД.

Валеры Цапкала напярэдадні заяўляў, што ў ягоным штабе чакаюць на тое, каб Расея паўплывала на выкананне Лукашэнкам правілаў гульні ў выбарчай кампаніі. Расейскі палітолаг Уладзімір Жарыхін і беларускі палітолаг Андрэй Ягораў сышліся ў меркаванні, што Расея выбірае кіраўніком дзейнага лідара, нягледзячы на крызіс у стасунках бакоў.

«Нікуды не падзеліся парафіраваныя праграмы паглыбленай інтэграцыі, нікуды не падзеліся так званыя дарожныя мапы. Яны зараз зніклі з такога. Яны зніклі з бягучага абмеркавання ў медыях, але мы ведаем што яны ёсць і пра іх размова ідзе», – упэўнены Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Андрэў Ягораў звяртае ўвагу, што Расея праз свае медыйныя каналы вядзе асцярожную крытыку кампаніі ў Беларусі. Хоць галоўны прэтэндэнт на прэзідэнта лічыць інакш.

«Прымяняюцца самыя сучасныя фальшывыя тэхналогіі, ідзе ўмяшанне з-за мяжы ў нашыя выбары, у нашыя ўнутраныя справы. Мы пра гэта з прэзідэнтам Пуціным пагаворым у бліжэйшы час пры сустрэчы», – кажа Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Пра тое, якія тэмы рэальна трапілі ў павестку перамоваў Лукашэнкі і Пуціна, не паведамілі іхныя прэсавыя службы. Ведаем аднак, што пытанне энергетычнае, балючае для Беларусі, застаецца нявырашанае. Тым часам у порт Адэсы прыбыў чарговы танкер з 85 тонамі не расейскай, альтэрнатыўнай нафты. Але гэта не той абʼём і не той кошт, які б задаволіў беларускую эканоміку.

Юлія Цяльпук, «Белсат»