Міністэрства аховы здароўя: сітуацыя пад кантролем

Сітуацыя ў Беларусі пад кантролем, а захады, якія робіць Міністэрства аховы здароўя, нібыта дазволілі перадухіліць 840 выпадкаў «Ковід-19» за дзень.

Намеснікі міністра распавялі пра сітуацыю з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі на адмысловай прэс-канферэнцыі, паказалі, чым ратавацца ад інфекцыі і патлумачылі, як падлічваюць інфікаваных:

«Пацыенты, якіх выпісалі, і пацыенты, у якіх здарыўся лятальны зыход, натуральна, залічваюцца да выпісаных пацыентаў».

Афіцыйныя лічбы хворых другі дзень запар падаюцца ўжо пасля таго, як іх агучвае Лукашэнка. Сёння ўпершыню прагучалі афіцыйныя звесткі пра інфікаваных паводле вобласцяў. Найбольш выпадкаў каронавіруса – у Менску і на Віцебшчыне, найменш – на Берасцейшчыне і Магілёўшчыне.

Беларусы думаюць, што ў краіне трэба ўводзіць каранцін. За абмежаванні выказаўся кожны з апытаных намі жыхароў Магілёва:

«Каранцінныя меры трэба было прымаць адразу».

«Канечне, у нас не вытрымае эканоміка каранціну».

«Я разумею, што гэта горш для рэспублікі, але гэта лепш для лекараў, якія ратуюць жыцці людзей».

«Увядуць дык увядуць, яго ўжо практычна ўвялі».

Слова «каранцін» улады па-ранейшаму не выкарыстоўваюць. Наваполацкі гарвыканкам рэкамендаваў арганізацыям «для прафілактыкі неспрыяльных эпідэміялагічных умоваў» памяняць рэжым працы для асобаў, старэйшых за 65 гадоў.

У Вялейцы ды Маладзечне адмяняюцца вясновыя кірмашы, а каталіцкія святары заклікаюць устрымацца ад наведання касцёлаў. На Магілёўскім металургічным заводзе працаўнікам паведамілі пра тыднёвыя вакацыі.

«У нас з наступнага тыдня адпраўляюць увесь завод, як нам патлумачылі, у тым ліку і наш цэх на 2/3 тарыфнага акладу. Патлумачылі тым, што няма сыравіны. Хоць праца была, мы сёння працавалі ў ноч», – распавядае працаўнік заводу Станіслаў Паўлінковіч.

Кіраўніцтва заводу сцвярджае, што загаду пра спыненне працы няма. Размаўляем з намеснікам дырэктара па ідэалогіі заводу Андрэем Цупрыкавым:

– Юрыдычнага дакументу не існуе. Прынамсі пакуль.

– А рашэнне на аснове чаго прымалася?

– Рашэнне не прынятае, я ж вам кажу.

– Але людзі кажуць, што ім сказалі не прыходзіць у панядзелак.

– Ну дык вы ў людзей і запытайцеся.

Журналісты запыталі працаўнікоў заводу, як ім патлумачылі тыднёвы перапынак у працы:

«Мытня закрытая – тавар не сыходзіць. Усё. Можа, да траўня. Хто што гаворыць».

«Сказалі, што няма сыравіны, таму няма працы, і ўсё. Пра каранцін, каронавірус гаворкі не было ніякай».

«Я думаю, што ў сувязі з каронавірусам. І гэта правільна, трэба зрабіць бяспечным насельніцтва».

Звесткі пра новыя выпадкі захворванняў і смерці ад «Ковід-19» зʼяўляюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. У Віцебску паведамілі пра першую смерць ад пнеўманіі медпрацаўніцы. Але пацверджаных вынікаў тэсту на каронавірус няма.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама