Міліцыянты навучаць гомельскіх настаўнікаў выкрываць сярод падлеткаў «радыкалаў»


На гучнае забойства ў Стоўбцах гомельскія абласныя ўлады прыдумалі ўласны адказ. Каб трагедыі ў школах не паўтараліся, міліцыя і настаўнікі мусяць змагацца з «нефармальнымі моладзевымі групоўкамі». Ці там шукаюць ворагаў? У чынавенскай псіхалогіі спрабаваў разабрацца Аляксандр Папко.

Радыкалы, схільныя да гвалту, аматары піратэхнікі – выкрываць такіх падлеткаў гомельскіх настаўнікаў навучаць мясцовыя міліцыянты. Адмысловы алгарытм зацвердзіла абласная камісія ў справах няпоўнагадовых. Асаблівую ўвагу ўлады надаюць чальцам «нефармальных моладзевых груповак».

Гомельскі аблвыканкам паведамляе:

«Нефармальныя моладзевыя групоўкі – групоўкі, якія прапагандуюць ідэалогію тэрарызму, экстрэмізму, неафашызму, расісцкія, нацыяналістычныя і таму падобныя ідэі, у тым ліку групоўкі радыкальна настроеных футбольных фанатаў».

Як выкрыць радыкала? Паводле гомельскай інструкцыі, паводле вонкавага выгляду. Калі вы – коратка пастрыжаны малады чалавек, любіце кароткія курткі з эмблемамі ды высокія шнураваныя боты, настаўнікі абавязаныя напісаць пра вас начальству. Наста Лойка, праваабаронца «HUMAN CONSTANTA»:

«Зараз узнікае пагроза, што любых людзей, якія адрозніваюцца (дзяцей і падлеткаў), будуць на незразумелай падставе ўносіць у дзіўныя спісы, інфармаваць пра іх органы ўнутраных справаў. А што будзе адбывацца з імі далей – абсалютна незразумела».

З фотаробатам гомельскіх уладаў выкрыць небяспечнага чалавека немагчыма, лічыць большасць апытаных намі менчукоў.

«Па размове, па паводзінах, але ніяк не па выглядзе!»

«Будуць наколкі, будзе нахабны выгляд, паголеная галава».

«Калі чалавек хоча не вылучацца, ён не вылучыцца. Моладзь у нас актыўная – і з наколкамі, і з іракезамі, і з чым хочаце. Кожнага падазраваць – гэта нелагічна!»

«Канешне, так! Як убачыце міліцыянта, адразу лічыце – экстрэміст!»

Падобны да небяспечнага – не значыць небяспечны. 15-гадовы хлопец, які ў Стоўбцах забіў нажом настаўніцу гісторыі ды вучня 11-га класа, на экстрэміста падобны не быў. Псіхолагі адзначаюць, што пераважная большасць падлеткаў, якія ўчыняюць расправы ў школах, не чальцы «нефармальных груповак», а самотныя, адрынутыя калектывам «ціхоні».

«Дзеці – яны заўсёды ў нейкай групе. Нашмат горш, калі яны не належаць ні да якой групы. Тады ўзнікае адчуванне адзіноты. А групоўкі бываюць розныя. Бываюць агрэсіўныя, а бываюць і такія, дзе дзеці падтрымліваюць сябе або аб’ядноўваюцца паводле нейкага інтарэсу», – кажа сямейны і дзіцячы псіхолаг Святлана Дзядова.

Калі на падлеткаў пачнуць навешваць ярлыкі, цкаваць і даносіць, гэта не згасіць агрэсіі, а падштурхне іх да суіцыдаў або супраціву, папярэджвае эксперт. Патрэбны не кантроль, а даверлівыя размовы.

«Гэта, магчыма, будуць лекцыі псіхолагаў, магчыма, групавыя заняткі, магчыма, праца сацыяльных педагогаў ці класных кіраўнікоў. Гэта мусяць быць інфармацыйныя заняткі – магчыма, пра статыстыку, магчыма, запрасіць псіхіятраў з дзяржаўных медычных установаў», – гаворыць Святлана Дзядова.

Калі ж улады не ведаюць, як развязаць праблему, то па-савецку ўзмацняюць кантроль, кажуць адмыслоўцы. Таму і ганяюцца за фанатамі ды анархістамі. Толькі перадухіліць школьныя расправы гэтыя метады наўрад ці здольныя.

Аляксандр Папко, belsat.eu