«Міліцыянты кажуць, што яны чоткія, а мы паказваем зусім іншае»: у Берасці судзяць блогера


Сёння берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна судзілі за непадпарадкаванне міліцыі. Але пагражае яму і крымінальная справа за абразу.

«Дадзеная каманда «фас», бо блогеры набралі надта вялікую вагу ў медыясферы і каціруюцца нашмат больш крута, чымся дзяржаўныя медыі», – кажа берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін.

Карупцыя ў рэгіёне, гвалт міліцыі, будаўніцтва акумулятарнага заводу – тэмы, якія ў дзяржаўных медыях асвятляюць у ружовых колерах або як загадаюць.

«Яны кажуць адно: міліцыянты – якія мы класныя, якія мы чоткія, а мы паказваем зусім іншае, як яны ламаюць рэбры грамадзянам, адбіваюць галовы, спрабуюць гэта ўсё зваліць на іх, падрабляючы подпісы. Я лічу, што гэта грымучая сумесь уладаў гораду і сілавікоў, якіх мы таксама дапяклі», – адзначае Пятрухін.

Палітык Анатоль Лябедзька распачаў хвалю салідарнасці з гэштэгам «я – Пятрухін», бо разумее важнасць справы блогераў.

«Адзін эфектыўны, дзеяздольны, мэтанакіраваны, палітычны блогер робіць больш, чым цэлыя арганізацыі», – падкрэслівае Анатоль Лябедзька, апазіцыйны палітык.

І таму блогеры адзін за другім трапляюць у млын пераследу. Напрыклад, за абразу прэзідэнта вядзецца правяранне супраць блогера «NEXTA», канал якога ўжо мае амаль 167 тысяч падпісчыкаў, а матэрыялы збіраюць мільёны праглядаў. Ёсць і іншыя прыклады. Але блогеры не адзіныя. Прэсінг на незалежнае слова адчувальны ў кожнай праяве. Гэтак, у чэрвені адбыўся ператрус у дырэктара інфармагенцтва БелаПАН Алеся Ліпая паводле крымінальнае справы аб нявыплаце падаткаў. На мінулым тыдні – ператрус і канфіскацыя тэхнікі ў нашых калегаў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса ў Горадні. Магчымае абвінавачванне ў абразе. Спіс можна працягваць. А пачалася хваля з блакады парталу «Хартыя’97» на тэрыторыі Беларусі на пачатку года.

«У такія моманты, калі фатэль пад Лукашэнкам пачынае хістацца, пачынаюцца атакі на журналістаў, на апазіцыю, на грамадзянскую супольнасць. Сёння журналісты на перадавой, незадаволенасць уладамі вялізарная, таму пачалі знішчаць нас», – тлумачыць Наталля Радзіна, рэдактарка «Хартыі’97».

Абсалютным лідарам у колькасці штрафаў і судоў за працу без акрэдытацыі застаюцца журналісты нашага тэлеканалу. Гаворка пра пакаранні на дзясяткі тысяч долараў. Але відаць, адміністратыўных справаў уладам мала, і яны перайшлі на крымінальныя.

«Гэтае стаўленне скіраванае на тое, каб усё трымаць пад кантролем. І ўсё, што выходзіць за межы гэтага кантролю ці можа пагражаць уладам, яно будзе зазнаваць ціск», – мяркуе Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

І палёгкі не абяцаецца. Ужо 1 снежня запрацуе новы драконаўскі закон аб СМІ. Дзяржава хоча кантраляваць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, мець звесткі карыстальнікаў, забараняць распаўсюджванне інфармацыі, цэнзураваць і абмяжоўваць. І таму сённяшні пераслед – пэўна толькі разагрэў перад сапраўдным боем.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»