Менская трагедыя: бацька забіў малую дачку і забіўся сам

У двары на вуліцы Грыбаедава ў Менску адбылася трагедыя: раніцаю мясцовы жыхар выкінуў са шматпавярховіку паўтарагадовую дачку разам з сабакам, следам скочыў сам: усе загінулі.

Двор з раніцы ачапілі міліцыянты і спецслужбы, накрытыя целы загінулых некаторы час заставаліся каля ганка шматпавярховіку. Першымі на месцы здарэння апынуліся працаўнікі камунальных службаў, якія абслугоўваюць дом.

«Раздаўся крык – «што ты робіш?» – жаночы голас. Я была за паваротам гэтага дому, следам два воплескі – і ўсё. Пайшлі глядзець – мужчына ляжаў на прыступках, дзяўчынка на дарожнай частцы і сабака збоку на ходніках», – дзеліцца ўбачаным прыбіральніца дому Таццяна Шышкова.

Паводле суразмоўцы, сям’я жыла на пятым паверсе дому. Але пусты дзіцячы вазок следчыя знайшлі на дваццатым паверсе – адкуль, верагодна, і выпалі загінулыя. А яшчэ на месца трагедыі прыбылі пажарнікі: мужчына спрабаваў падпаліць кватэру.

«У кватэры засталіся дзіцячыя цацкі, падпалена было ў ванным пакоі. Відаць, ён перавярнуў кош для бялізны – яна стаіць асобна. Рэчы складзеныя ў кучу – ён падпаліў, але толькі сам ванны пакой пацярпеў, а астатняе задымленае», – кажа Таццяна.

Мясцовыя жыхары кажуць, што сужэнцы, прыблізна 35-цігадовага ўзросту, мелі толькі адну дачку. Кватэру ў іхным доме набылі з год таму, зусім нядаўна закончылі рамонт. Але нібыта ладу паміж імі не было, і нават стаяла пытанне скасавання шлюбу. Прынамсі ранкам бацька быў з дачкой адзін, а маці зʼявілася на месца трагедыі разам са спецслужбамі. Мясцовыя жыхары кажуць:

«Нібыта яна хацела скасаваць шлюб. І сварка нейкая была, крык».

«Я не бачыла ўсяго, што адбывалася, але наступствы былі бачныя. Таму я не магу спакойна на гэтую тэму размаўляць…»

«Пераварочваецца ўсё ў душы. Бо сёння адносіны людзей да дзяцей і не толькі – да ўсяго – выклікаюць трывогу і страх. Кошка кацяня сваё не кіне, а тут кідаюць у сметніцу, труцяць, мораць голадам. Хворая нацыя становіцца, вось і ўсё».

Цяпер у справе гібелі людзей разбіраецца Следчы камітэт, распачалі крымінальную справу аб забойстве. Прычынаў трагедыі афіцыйна пакуль не паведамляюць.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама