Менск мітусіцца, каб не быць з'едзеным. Новыя падрабязнасці плану Крамля па інтэграцыі


Выданне «КоммерсантЪ» спасылаючыся на некалькі крыніцаў у Крамлі паведаміў, што перамовы на тэму агульнай інтэграцыі Расеі і Беларусі ідуць поўнай хадою і ўжо зацверджана больш за палову дарожных мапаў, якія акрэсліваюць будучую эканамічную інтэграцыю. А пасля гэтага абяцаюць перайсці і да яднання палітычнага.

Зацверджаныя дакументы, калі верыць выданню, прапісваюць, у якія тэрміны Менск і Масква ўніфікуюць бухгалтарскі ўлік, прамысловую і макраэканамічную палітыку, захады дзеля стабілізацыі курсаў валют ды гарманізуюць падатковае заканадаўства. Інфармацыю выдання пацвярджае маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

«Як рухацца – разуменне ёсць. Іншая справа, што гэтыя мапы маюць прагнозна-дырэктыўны характар – якім чынам зрабіць нешта найлепш. Калі знаёмішся з гэтымі дакументамі, то ўзнікае ўражанне, што гэта рэальна», – кажа Андрэй Суздальцаў.

Пакуль прагрэсу не дасягнулі ў пяці мапах, адна з якіх датычыць сельскай гаспадаркі, а чатыры – рынку газу нафты і электраэнергіі, зазначае эксперт. Але Андрэй Суздальцаў перакананы, што ўсе дарожныя мапы будуць падпісаныя восьмага снежня – у 20-гадовы юбілей Саюзнай дамовы.

«Пасля гэтага будзе наступная стадыя, якая будзе выглядаць наступным чынам. Акажацца, што выканаць патрабаванні дарожных мапаў немагчыма, узгадніць беларускія правілы і законы з расейскімі немагчыма. Таму ўсе пераходзяць на расейскія!» – папярэджвае метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Пагрозаў беларускаму суверэнітэту перамовы не нясуць, бо датычаць яны выключна эканомікі – неаднаразова заяўляў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей. Уладзімір Мацкевіч словам чыноўнікаў не давярае.

«Яны супраціўляюцца, яны запавольваюць гэты працэс, яны лапкамі сваймі мітусяцца, але яны трапляюць у пастку. Яны будуць з’едзеныя», – лічыць эксперт.

Ад эканамічнай інтэграцыі Масква намераная перайсці да палітычнай – заяўляе «КоммерсантЪ». Паводле газеты, крамлёўскія перамоўнікі згадваюць і пра стварэнне наднацыянальных органаў, і нават пра супольную канстытуцыю. Андрэй Суздальцаў звесткі газеты абвяргае.

«Яны згадваюцца, але не вядуцца, бо беларускі бок на гэтыя перамовы не ідзе. Таму гэтыя пытанні адкладваюцца на стол прэзідэнтаў», – зазначае расейскі палітолаг.

Масква, у сваю чаргу, адкладае падпісанне дамовы аб пастаўцы нашай краіне газу. Пра цану паліва Крэмль гатовы размаўляць толькі пасля таго, як Менск падпіша праграму эканамічнай інтэграцыі.

Аляксандр Папко, «Белсат»