Менчукі распавялі, колькі аддалі за адпачынак


Хоць прырода нашая і багатая на прыгожыя краявіды, патрыётаў, якія абіраюць Беларусь для адпачынку, не более. Ілюстрацыйны здымак – Аляксей Паўлішак/Reuters/Forum

Беларусь не можа канкураваць з самымі папулярнымі сярод нашых суайчыннікаў турыстычнымі напрамкамі: у нас няма адпаведнай інфраструктуры і – даражэй, чымся ў Турцыі або Харватыі.

На сонечныя пляжы сёлета ўлетку выправіўся кожны дзясяты беларус. Мянчанка Марыя Вайтовіч абрала не самы танны кірунак – Харватыю. Яна паехала самастойна і заашчадзіла на кошце транзіту праз Варшаву.

«Калі я ехала недзе ў Польшчы – Славаччыне, пачынаюцца прыгожыя горы. Ты не можаш адарваць вачэй проста. Я набыла квіток Менск – Варшава, далей – Варшава – Браціслава, і далей – Браціслава – Спліт», – кажа мянчанка Марыя Вайтовіч.

Дарога ў два бакі каштавала 260 еўраў, гостэл у Спліце на 10 дзён – 190. Дадаем харчаванне і сувеніры – маем крыху болей за 500. Дарэчы, гэта сярэдні кошт пуцёўкі па самых папулярных у беларусаў кірунках з турыстычнымі аператарамі. У тройцы лідараў – Егіпет, Турцыя ды Украіна. Папулярнымі застаюцца Чарнагорыя ды Грузія. Але вялікая плынь турыстаў падвысіла кошты ў гэтыя краіны.

«Калі цікавіць чэк, то, згодна са статыстыкаю, ён складае каля 400–450 долараў ці еўраў на чалавека. Скажам так: «па пяцьсот», нешта набліжаецца да гэтага», – кажа экспертка ў турызме Лілія Кобзік.

Матэрыял Таццяны Уласенкі глядзіце ў поўным выданні навінаў за 31 жніўня

Чэкі ў Турцыю ды ў Егіпет беларусы зніжаюць за кошт вылетаў з Польшчы ці Украіны. Менску цяжка канкураваць з агромністым турыстычным рынкам Кіева. Таму незанятыя нішы айчыннага турыстычнага бізнесу запоўніліся кірункам на Канары, чартарамі ў Партугалію, Сіцылію ды Сардынію. А які спосаб адпачынку – бюджэтны ці на шырокую нагу – выбіралі менчукі?

«Я ездзіла ў Турцыю і заплаціла толькі за квіткі, бо сябры там усё арганізоўвалі. І заплаціла еўра 300».

«Вельмі падабаецца Іспанія, мы ўжо былі там не раз (склейка) Недзе 500-600 долараў на чалавека».

«Я траціў грошы на бензін, ночыў у машыне. Ездзіў з сябрамі. Недзе з сябрамі начаваў, недзе адзін. Паездзілі па Гарадзенскай вобласці, паездзілі па Берасцейскай вобласці», – кажуць апытаныя намі менчукі.

Хоць прырода нашая і багатая на прыгожыя краявіды, патрыётаў, якія абіраюць Беларусь для адпачынку, не более. Часцяком уражанні псуе адсутнасць годнага сэрвісу.

«Ці могуць, ці адпачываюць беларусы ў Беларусі. І хочуць, і, мусібыць, могуць, але мы не маем добрай інфраструктуры гатэльнай у нашых зонах адпачынку – Браславы, Нарач і іншыя азёры, як гэта ёсць у той жа Польшчы на Мазурах», – дадае Лілія Кобзік.

Найцяжэй летнюю спёку пераносіць у пакрытым асфальтам Менску. Некаторыя сталічныя жыхары шукалі палёгку на айчынным, Менскім моры. А тут і бары, і базы для адпачынку, і водныя прагулянкі.

Мора хоць і айчыннае, але паводле коштаў зусім не патрыятычнае. Пракаціцца на гэтай яхце каштуе 120 рублёў за гадзіну. Мы адмовіліся ад такога варыянту ды разам з большасцю менчукоў абралі пакет бясплатных паслуг: пляж, шпацыр пад соснамі і птушыныя спевы.

Таццяна Уласенка, «Белсат»