Маці чацвярых дзяцей могуць застацца без пенсіяў


У байнэце з’явілася петыцыя, якая патрабуе ўключаць адпачынак для догляду за чацвёртым дзіцем у агульны працоўны стаж, каб не ствараць жанчынам пенсійнай пасткі. Цяпер беларускае заканадаўства размяжоўвае паняткі агульнага працоўнага і страхавога стажу. Для атрымання пенсіі жанчыне трэба мець 10 гадоў страхавога стажу і 35 гадоў працоўнага.

Калі жанчына з трыма дзецьмі 9 гадоў перабывае ў адпачынку па догляду за дзецьмі, гэтыя 9 гадоў залічваюцца ў працоўны стаж, але не залічваюцца ў страхавы. Калі жанчына нараджае 4 дзіця і яшчэ 3 гады сядзіць з ім у адпачынку для догляду – гэтыя 3 гады не ўлічваюць ні ў страхавы, ні ў працоўны стаж. Пры нараджэнні пятага дзіцяці жанчына ўжо атрымлівае ільготы. Таму ў пенсійную пастку могуць трапіць менавіта маці 4 дзяцей.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Валянціна Макарчык, маці чацвярых дзяцей, тлумачыць:

«Наагул, шчыра кажучы, палохае заўтрашні дзень, бо я адна з чатырма дзецьмі. І як атрымаецца зарабляць на іх?»

Агульны працоўны стаж Валянціны не перавышае 14 гадоў, хоць жанчына пачала працаваць адразу пасля ўніверсітэту і прыпыняла працу толькі на час адпачынкаў для догляду за дзецьмі. Ці ўдасца Валянціне напрацаваць неабходны для атрымання пенсіі стаж, а гэта агулам 35 гадоў, – вялікае пытанне.

«Толькі надзея на дзяцей, правільна выхаваць іх, каб яны не тое што ўтрымлівалі мяне, а дапамагалі фізічна ў старасці. І была яшчэ думка такая, бо дзяцей шмат: свой дом хочацца, завесці гаспадарку – элементарна курэй якіх, трусоў, агарод. Ну, на такім, на дапаможнай гаспадарцы, адназначна можна пражыць», – гаворыць Валянціна Макарчык, маці чацвярых дзяцей.

Праваабарончыя арганізацыі лічаць гэты нюанс у заканадаўстве – праяваю дыскрымінацыі жанчын. Юрыстка Таццяна Стрыжэўская тлумачыць:

«Калі мы возьмем лічбы, страхавы стаж, неабходны на сённяшні момант, – гэта 10 гадоў. Ён аднолькавы і для мужчынаў, і для жанчын, але пры гэтым пенсійны ўзрост розны. Адпаведна, у жанчыны абʼектыўна менш часу, каб напрацаваць стаж».

Напрацаваць неабходны працоўны і страхавы стаж для жанчыны з чатырма дзецьмі становіцца праблематычным нават пасля выхаду з адпачынку для догляду за дзіцём.

«Рэч у тым, што калі жанчына выходзіць з дэкрэтнага адпачынку, не заўсёды проста знайсці працу, яна не заўсёды прывабны прэтэндэнт на рынку працы, бо існуе дыскрымінацыя», – дадае Таццяна Стрыжэўская, юрыстка.

Паводле Таццяны Стрыжэўскай, аб тым, што ўлады ведаюць аб праблеме, сведчыць прыняцце пазалетась Указу № 233, які крыху палепшыў стан уразлівых групаў, але цалкам так і не развязаў праблемы пасткі страхавога стажу.

Алена Дубовік belsat.eu