Махінацыі Мінздароўя: карэйскай прышчэпкай выціснуць расейскую вакцыну


Новыя падрабязнасці «Ежедневника» пра выпрабаванне на людзях незарэгістраваных медпрэпаратаў і грамадская кампанія з патрабаваннем тлумачэнняў. Усё большы рэзананс набывае скандал з лекамі, падстава для якога – смерць дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне пасля прышчэпкі карэйскаю вакцынай. Між тым першаю рэакцыяй Міністэрства аховы здароўя стаўся зварот у Генпракуратуру, што публікацыі ў медыях могуць нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы.

Ува ўсіх паліклінках краіны – сёння Дзень здароўя дзіцяці. Планавыя прышчэпкі і даследаванні. Праўда, у кантэксце апошніх падзеяў для бацькоў, хутчэй, дзень стрэсу.

Наведнікі дзіцячай паліклінікі:

«Так, пасля гэтага выпадку давялося вельмі падрабязна вывучаць варта ці не варта рабіць. І наагул, якія варта».

«Мы толькі што з прышчэпкі. Не, мы не давяраем. Мы зрабілі платную».

«Я не ведаю, каму верыць? Тым, што пішуць на гэтых усіх сайтах, ці лекарам? Я не ведаю».

Тым больш пакуль лекары маўчаць у адрозненне ад журналістаў. З учора «Ежедневник» публікуе раследванне па слядах смерці 2-ух месячнага Кірыла ў Ганцавіцкім раёне.

Паводле выдання, прэпарат карэйскай вытворчасці «Эўпэнта«, які ўводзіўся немаўляці, перабывае ў стадыі выпрабаванняў і не меў адпаведнай рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі, як і ў іншых краінах свету. Быў завезены да нас у выніку махінацыі Міністэрства аховы здароўя, звязанай з выцясненнем з беларускага рынку расейкай праверанай вакцыны АКДС.

У выніку ж махінацыі 2 гады таму адбыўся 4-х месячны зрыў нацыянальнага плану прышчэпак.

«…Толькі пасля смерці дзіцяці карэйцы, урэшце, падрыхтавалі пакет дакументаў для гэтага. Калі гэта не карупцыйная схема, тады што?»

Паводле формы – гэта звычайная ўрадавая карупцыя. Паводле ж сутнасці – схаваныя выпрабаванні прэпаратаў на беларусах.

Наведнікі дзіцячай паліклінікі:

«Страшна, вядома, страшна».

«Нічога ты не праверыш і не дакажаш. Бо жывем у такой дзяржаве».

Пад адпаведнаю петыцыяй за содні было сабрана амаль 2 тысячы подпісаў, у сацыяльных сетках з‘явіліся рэакцыі бацькоў, чые дзеці прайшлі вакцынацыю карэйскім прэпаратам. Але Міністэрства аховы здароўя толькі на другі дзень адрэагавала – пры тым не тлумачэннем паводле справы, а закідам у бок «Ежедневніка» аб непраўдзівасці інфармацыі.

Праўда, інфармацыю аб адсутнасці рэгістрацыі «Эўпэнты» пацвярджае Цэнтр экспертызаў і выпрабаванняў. Сам прэпарат, нягледзячы на тое, што следства ў справе смерці хлопчыка незакончанае, усцяж на ўзбраенні дзіцячых паліклінікаў па ўсёй краіне.

«Калі вы кажаце пра «Эўпэнту«, то мы яе робім».

«Калі б было нешта не так з прэпаратамі, нам бы гэта забаранілі», – распавялі нам у 37-ай паліклініцы ў Менску.

Спадарыня Ганна – жыхарка Лондану, але перад паездкаю да бацькоў у Менск вырашыла прышчапіць сваіх дзетак ад сухотаў. На той момант у клініцы быў у наяўнасці толькі незарэгістраваны на тэрыторыі Брытаніі прэпарат. Але ён меў ліцэнзію ў іншых еўрапейскіх краінах, і самая вакцына не была абавязковая. У выніку сям’ю Ганны чакала цэлая працэдура перад прышчэпкаю.

«Нам далі інфармацыю, пераслалі праз пошту, і пасля вакцынацыі медсястра яшчэ раз прадублявала гэтую інфармацыю, распавяла пра ўсе рызыкі ды ўскладненні, і я падпісала сваю згоду», – распавядае Ганна.

А таму нават калі чыноўнікі давядуць неабходнасць выкарыстання фактычна нелегальнага прэпарату ў Беларусі, то пытанне, якім чынам яны абгрунтуюць замоўчванне рызыкаў і самой інфармацыі аб прэпараце перад бацькамі ды дзеткамі.

А такіх дзетак па Беларусі больш за 94 тысячы. Менавіта столькі дозаў карэйскага прэпарату ўжылі ад моманту яго ўвозу ў краіну летась.

Алесь Залеўскі belsat.eu