Лукашэнку ва Украіне любяць больш за ўласных прэзідэнтаў


Паводле апытання, 66 % украінцаў сімпатызуюць Аляксандру Лукашэнку. Але ці значыць гэта, што ў выпадку, калі б Аляксандр Рыгоравіч выставіў сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта Украіны, украінцы маглі б выбраць яго сваім кіраўніком?

Вось адказы мінакоў на вуліцах Кіева:

«Магчыма, так. Я думаю, што дэмакратыя – гэта не найлепшы выбар. Усё ж трэба крыху дыктатуры».

«Думаю, так. На гэтым этапе я гатовая. Украіне, як нікому, не шанцуе. Пэўна, трэба было, каб прыйшоў спачатку Лукашэнка, а потым ужо новыя людзі».

«Так».

«Можа быць, я б і прагаласавала. Чаму не».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

На пазітыўнае стаўленне ўкраінцаў і сам кіраўнік Беларусі адказвае ўзаемнасцю. На сустрэчы з украінскімі журналістамі ў верасні Лукашэнка казаў, што гэткіх прыстойных ды працавітых людзей, як ва Украіне, не сустракаў нідзе. Палітолаг Яўген Магда не прыгадвае, каб за 25 гадоў Лукашэнка дазволіў сабе агрэсіўныя выказванні ў бок паўднёвага суседа. Да таго ж прэзідэнт Беларусі больш зразумелы ўкраінцам, чым той жа Дональд Трамп, Ангела Мэркель або Эмануэль Макрон.

«Ацэнак пра Лукашэнку гучыць менш, а ў сілу суседства нашыя грамадзяне атрымліваюць інфармацыю пра Беларусь ад саміх беларусаў падчас беспасярэдняга камунікавання на Жытоміршчыне, Чарнігаўшчыне, Гомельшчыне, а таксама на ўзбярэжжы Чарнаморска-Азоўскага мора, куды таксама прыязджаюць беларусы», – разважае палітолаг Яўген Магда.

Блізкае суседства ўплывае на добрае ўражанне. У стандартным пакеце пахвалаў – лепшыя дарогі, большыя заробкі, вышэйшая якасць харчоў. Мы запыталі ў мінакоў, за што яшчэ яны любяць Лукашэнку?

«Я, шчыра кажучы, з ім не знаёмы, не магу так пра яго адгукацца. Ведаю, што ён ужо надта доўга прэзідэнт Беларусі».

«Тое, што ён усё трымае ў руках, у яго медыцына абароненая – так. Тое, што ён не даў людзям упасці ніжэй за годны ўзровень – так».

«Мы ехалі з Адэсы ў Кіеў на беларускім цягніку. Ва Украіне няма такіх чыстых цягнікоў».

Перад прэзідэнцкімі выбарамі нярэдка будучага ўкраінскага лідара Зяленскага параўноўвалі з Лукашэнкам. Маўляў, малады, недасведчаны, несістэмны. Самому ж Зяленскаму такое параўнанне не спадабалася, а доўгачаканая сустрэча з Лукашэнкам праходзіла ў стылі «хто каго перажартуе».

«Гэта, з аднаго боку, была спроба Лукашэнкі паказаць, што ён старэйшы і больш дасведчаны. Зяленскі са свайго боку таксама мае досвед камунікавання з моцнымі гэтага свету не толькі на пасадзе прэзідэнта, але ён намагаўся размаўляць на роўных, і яны знайшлі агульную мову, тым больш, што абодва расейскамоўныя па сваёй сутнасці», – кажа Яўген Магда.

Паводле сацыёлагаў, Лукашэнка ва Украіне традыцыйна карыстаецца нават большым падтрыманнем, чым хто-кольвек з уласна ўкраінскіх прэзідэнтаў. Ірына Бякешкіна, сацыялагіня з фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», упэўненая:

«У людзей туга па стабільнасці, па парадку і ў значнай ступені людзі наагул кепска ведаюць, што там адбываецца ў той Беларусі. Але здаецца, што там усё спакойна».

Сімпатыю да чыстай упарадкаванай Беларусі сапраўды можна параўнаць з вераю ў казку. На просьбу распавесці пра апошнія падзеі ў Сінявокай тыя ж людзі, што хвіліну таму казалі пра дасягненні Лукашэнкі, адказалі:

«Я чуў апошнюю навіну, што туды прыязджала Пугачова на канцэрт. Больш я нічога не ведаю».

«У адным сяле беларускім, гэта гадоў 15 таму было, адна бабуля паскардзілася на тое, што яе крыўдзяць мясцовыя ўлады, дык Лукашэнка прыляцеў да яе на верталёце. Гэта было для мяне прыемным шокам».

«Лукашэнка намагаецца Украіну і Расею аб’яднаць, звесці на перамовы».

Паводле апытання сацыялагічнай групы «Рэйтынг» найбольш прыхільнікаў Лукашэнкі – сярод самых незаможных рэспандэнтаў. Таксама Лукашэнку ў большай ступені сімпатызуе старэйшае пакаленне і людзі, якія тужаць па Савецкім саюзе.

Адэля Дубавец belsat.eu