Лукашэнка раіць «труціць» каронавірус гарэлкай і саўнай


185 тысячаў інфікаваных і больш за сем тысячаў памерлых – традыцыйнае абнаўленне змрочнай статыстыкі каронавіруса ў свеце. А ў Беларусі – без зменаў – 36 выпадкаў. Прынамсі айчыннае Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што новых хворых за содні не з’явілася. Ці давяраюць афіцыйнай статыстыцы жыхары краіны?

«Афіцыйнай статыстыцы я не давяраю, але сусветная паніка – не, не лічу, што гэта не так страшна».

«Я веру, што 36. Таму што вельмі многа знаёмых, і ў Менску, па-за Менскам. Я кантактую, нічога такога звышнатуральнага не чула».

«Усе звесткі, што нам падаюць, супярэчлівыя. Сябар жыве ў Італіі – у іх там жорстка, амаль ваенны стан. І гэта факт. Людзі ўсё гэта бачаць на ўласны вочы».

«Давяраю ці не? Хутчэй не. Чаму? Таму што ў нашай краіне мала праўды ўвогуле».

Тая частка свету, дзе каронавірус знаходзяць, ідзе на чарговыя рашучыя крокі ў барацьбе з пандэміяй. Расея – апошняю з нашых суседзяў – закрывае межы. Уезд замежнікам, у тым ліку і беларусам, забараняюць з заўтра. Украіна спыняе чыгуначны, авіяцыйны і аўтобусны рух – як міжнародны, так і ўнутраны. У Кіеве, Дняпры ды Харкаве закрываюць метро.

«Паменшыць кантакты. Як можна паменшыць? Увесці каранцін. Так, вынікаюць іншыя нязручнасці: не працуе грамадскі транспарт, не працуе метро, не працуе чыгунка. Але ж у выніку памяншаецца колькасць інфікаваных людзей і адпаведна памяншаецца колькасць тых, хто хварэе на каронавірусную інфекцыю», – тлумачыць загадчык кафедры інфекцыйных захворванняў Аляксандр Дуда з Украіны.

Праз каронавірус Еўразвяз закрыў вонкавыя межы. Надзвычайна жорсткія захады праз пандэмію ўвяла Францыя. Цяпер забаронена без абгрунтавання выходзіць з дому і праводзіць масавыя імпрэзы. За парушэнне прадугледжваюць адказнасць.

«Пасля 12 гадзіны забаронена выходзіць на вуліцу без вельмі істотных прычынаў. Ёсць спецыяльны фармуляр, які трэбы запаўняць, падпісаць, куды і навошта ты ідзеш», – кажа прафесар дзяржаўнага кіравання Паліна Прысмакова – беларуска, якая цяпер жыве ў Францыі.

У Беларусі ж нельга трапіць цяпер толькі ў кальянныя. Рэстараны і крамы працуюць, школы ды ўніверсітэты адчыненыя. Не дапусціць завозу каронавіруса дадатковымі захадамі абяцае міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

«Мы разумеем, што ў нашых суседзяў сітуацыя не вельмі добрая, таму мы дадаткова мінімізуем рызыкі завозу нам», – заяўляе міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Як засцерагчыся ад каронавіруса, напярэдадні параіў Лукашэнка: часцей мыць рукі, «труціць» каронавірус гарэлкай і саўнай. Маўляў, кітайцы падказалі, што гэты вірус не вытрымлівае тэмпературы + 60.

«Калі з’яўляюцца якія-небудзь сімптомы рэспіраторнай інфекцыі, на маю думку, не трэба ніякай саўны. Трэба даць мінімальную нагрузку, бо нават саўна, цяпло – гэта дадатковая нагрузка. Гэта трэба рабіць для прафілактыкі, а не для лячэння», – мяркуе Аляксандр Дуда.

З трыццаці шасці афіцыйна пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі трох пацыентаў выпісалі. «На кантролі» у медыкаў больш за дзве з паловаю тысячы чалавек.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: Forum, Reuters