Лукашэнка не гатовы прасоўваць узнаўляльныя крыніцы энергіі


Прэзідэнт сказаў – прэзідэнт перадумаў! Лічбы«2018» Аляксандр Лукашэнка замяніў лічбамі «2022» ва Указе «Аб прыняцці Парыжскай Дамовы». Згодна з пагадненнем, меліся змяншаць узровень індустрыяльных выкідаў у атмасферу і прасоўваць узнаўляльныя крыніцы энергіі. Што пайшло не так у экалагічнай стратэгіі?

Да 2030 года скароцім на 28 % выкіды парніковых газаў – абяцалі. Але Указам Аляксандра Лукашэнкі Беларусь адсунула на 4 гады ратыфікацыю адпаведнай – Парыжскай дамовы.

«Беларусь на жаль у гэты момант не мае дастатковага экспертнага патэнцыялу дзеля таго, каб праводзіць такую работу самастойна. Мы залежым ад падтрымання Еўразвязу. Цяпер усе гэтыя дакументы пачнуць распрацоўвацца ў межах праекту Юфо-клайміт», – тлумачыць Анастасія Бекіш, спецыяліст па зменах клімату.

Тэхналагічную і фінансавую міжнародную дапамогу атрымаем у ліку іншых краінаў – пастанавілі пад час нядаўняга Кліматычнага саміту ААН. Усё дзеля ўтрымання ў межах 2˚С сярэдняй тэмпературы Зямлі. На фоне глабальнага пацяплення растае арктычны лёд – у вялікай ступені з-за канцэнтрацыі ў атмасферы парніковых газаў.

«Маем абсалютны рэкорд! Канцэнтрацыя CO2 у глабальнай колькасці летась склала 405,5 частак на мільён (ppm)», – гаворыць Елена Манаенкова, Сусветная метэаралагічная арганізацыя.

Дзеля параўнання – у даіндустрыяльную эпоху ўтрыманне вуглякіслага газу было ў 250 разоў меншае. Засуха, стыхійныя бедствы і пад’ём вады ў акіяне пераканалі ўвесь свет: у 2015-ым годзе 195 краінаў ухвалілі Парыжскую дамову аб клімаце. У тым ліку Беларусь, якая працягвае нарошчваць выкіды ў паветра. Паўстаў завод вытворчасці беленай цэлюлозы пад Светлагорскам. У кроку ад запуску – Завод вытворчасці свінцовых акумулятараў пад Берасцем. Таксама новы Завод спецмашынаў ля пры сталічнага аграгарадка Калодзішчы. Прадпрыемства «Омск карбон Магілёў», якое нахвальваў Старшыня Савету Рэспублікі Мясніковіч. Учора «чорную» лінію мусілі спыніць. І ўрэшце – Беларуская Атамная АЭС, якую ўлада называе экалагічна чыстай.

«Калі мы паглядзім на ўвесь цыкл – здабыча ўрану, транспартаванне, эксплуатацыя самой станцыі, потым захаванне адкідаў на працягу стагоддзяў і іхная перапрацоўка – усё выглядае зусім не так кліматычна нейтральна і па-сяброўску экалагічна», – каментуе Анастасія Бекіш.

У людзей хочуць забраць магчымасць судзіцца за такія прадпрыемствы – з Закону «Аб ахове навакольнага асяроддзя» плануюць выкінуць адпаведны пункт (арт. 100 ч. 2).

Як далёка можна пайсці ў абароне будучыні краіны і лёсу планеты – усяму свету паказваюць французы. З адмысловага роліку тамтэйшыя «зоркі» кажуць: «…Шмат разважалі ў апошні час, і вырашылі падаць у суд на французскую дзяржаву ў імя справядлівасці… за бяздзейнасць у пытаннях кліматычных зменаў». Цягам усяго двух содняў петыцыя ў падтрыманне судовага пазову назбірала 1 000 000 подпісаў! Гэтак насельніцтва патрабуе выканання Парыжскай дамовы.

Пра тое ж – пратэсты ў ЗША, дзе таксама «правы» кіраўнік Доналд Трамп – увогуле выйшаў з пагаднення. Бо… нафта:

«Мы не дазволім іншым краінам намі карыстацца! Парыжская кліматычная дамова да канца стагоддзя забярэ сотні мільярдаў з эканомікі ЗША, з галіны здароўя, з гаспадаркі і вытворчасці».

Ратыфікаваць Парыжскае пагадненне складана будзе нафтаздабыўчай суседцы Расеі, і нам, нафтаперапрацоўчай Беларусі. Таму пераход пасля 2050-га года ўсім светам на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі – пакуль толькі мэта, выкананне якой патрабуе амбіцыі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu