Як Лукашэнка бяздоказна вінаваціць у пратэстах Захад


Звычайная працоўная паездка ў Магілёў, звыклыя тэледэкарацыі: Лукашэнка наведаў тое, Лукашэнка праверыў гэтае. Але на магілёўскім заводзе «Кронаспан» прарвала: аказваецца, «пятая калона» рыхтавала ў Беларусі ледзь не ўзброены пераварот, і толькі спецслужбы змаглі перадухіліць страшнае.

«Літаральна ў гэтыя гадзіны мы затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй… Трэніраваліся ў лагерах у нас. Адзін з лагераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў. Астатнія – ва Украіне… », – заявіў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка як ахвяра расейскай прапаганды

Таксама, паводле Лукашэнкі, баевікі «пятай калоны» трэніраваліся ў Літве ці Польшчы, на польска-літоўскія грошы. Усё гэта, каб праліць кроў і арганізаваць «мардабой» у Беларусі падчас пратэстаў супраць Дэкрэту № 3. Міністр замежных справаў Літвы назваў гэтыя заявы байкамі, высмактанымі з пальца. А ў літоўскім Сейме кіраўніку Беларусі параілі менш верыць расейскай прапагандзе.

Словы Лукашэнкі – прадвеснік сапсаваных стасункаў з Захадам?

Як лічыць журналіст Андрэй Пачобут, які піша і для польскіх медыяў, калі словы Лукашэнкі застануцца словамі, Варшава паспрабуе заплюшчыць вочы на абвінавачанні. Калі будзе прапагандысцкі працяг на тэлебачанні і тым больш абяцаная Лукашэнкам крымінальная справа, палітычна-эканамічныя стасункі Польшчы і Беларусі моцна сапсуюцца.

«Калі яны будуць нарошчваць ціск на Польшчу, на Літву, калі будуць удары ў польскую меншасць і г.д., то гэта, безумоўна, паложыць канец той палітыцы, якую праводзіла Варшава ці Вільня на працягу апошняга часу», – упэўнены журналіст.

Прарыў баевікоў з Украіны – фэйк

Што да Кіева, то тут зусім кепска выйшла. Памежны камітэт, Следчы камітэт дый сам Лукашэнка распавялі пра спробу прарыву нейкіх баевікоў у Беларусь з Украіны. На памежным пераходзе ў раёне Аляксандраўкі «Джып» пратараніў шлагбаумы і праехаў немалую адлегласць. Затрымалі дваіх чалавек са зброяй. Яшчэ аднаго баевіка абвесцілі ў вышук.

Але ў Кіеве паведамілі, што «Джып» са зброяй быў з беларускімі нумарамі, праз украінскую мяжу не праязджаў. Паводле пратаколу, прадстаўленаму ўкраінскім памежным камітэтам, беларускі бок гэта прызнаў. У Менску пакрыўдзіліся – дакумент з Кіева псуе ўсю карціну.

Уся гісторыя з баевікамі і прарывамі мяжы – адказ дзяржаўнай прапаганды на хвалю сацыяльных пратэстаў, кажа Андрэй Пачобут.

«Грошай у Лукашэнкі няма, і таму ён выкарыстоўвае страх», – упэўнены спадар Пачобут.

Сярод мэтаў «пятай калоны», – перапродаж беларускіх заводаў

Так мяркуе Аляксандр Лукашэнка. Аднак сёння ж агенцтва «Інтэрфакс» паведаміла, што кіраўнік Беларусі даў дазвол на продаж акцыяў ключавых заводаў – Беларуськалій, Нафтан, МАЗ – усяго 514 прадпрыемстваў, у тым ліку ваенна-прамысловых.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: president.gov.by