Літва распрацавала план дзеянняў у выпадку аварыі на Астравецкай АЭС


Міністэрства ўнутраных справаў Літвы распрацавала план дзеянняў у выпадку аварыі на Астравецкай АЭС. Пры найбольш неспрыяльных для гэтай краіны акалічнасцях Літва гатовая эвакуяваць больш за 6 тысячаў чалавек у радыусе 30-ці кіламетраў.

План эвакуацыі распрацаваны на выпадак буйной аварыі і ветру з усходу. Некалькі тыдняў таму літоўскі ўрад нарматыўна аформіў забарону набыцця электраэнергіі з беларускай АЭС пасля яе запуску, а таксама выказаў просьбу ўраду ЗША паспрыяць калі не спыненню пабудовы Астравецкай АЭС, то прынамсі перанясенню тэрмінаў яе запуску.

Лінас Бальсіс, дэпутат Сейму, Літва:

«Яна яшчэ не пачала працы, там яшчэ надта шмат чаго не зроблена, і ёсць багата парушэнняў на самой будаўнічай пляцоўцы, паводле маіх звестак. Таму спыніць ці прыпыніць пабудову АЭС магчыма. На гэта патрэбная толькі палітычная воля кіраўніцтва Беларусі ды перамовы».

Пакуль жа беларускі міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч займаецца перамовамі аб будучых пастаўках энергіі з АЭС ва Украіну і Польшчу – пра гэта ўчора заявіў чыноўнік. Хоць дагэтуль няясная дакладная дата старту станцыі.

Георгій Лепін, прафесар, ліквідатар ЧАЭС:

«Я сам сябе лічу расяянінам, але адразу магу сказаць: распрацаваныя ў Расеі станцыі – далёкія ад дасканаласці. І таму станцыі расейскага паходжання імкнуцца зачыніць. Калі, напрыклад, краіна пераходзіць у Еўразвяз, то расейскія станцыі адразу зачыняюцца».

Тэрмін запуску першага рэактара станцыі ад пачатку пабудовы пераносіўся ўжо двойчы. Паводле апошніх планаў, станцыя мае запрацаваць у лістападзе 2019-га года.

Алесь Залеўскі, belsat.eu