Лічбы палітыцы не перашкода


104 дні таму ў Беларусі выявілі першага носьбіта каронавіруса. На сёння, паводле, афіцыйнай статыстыкі, выявілі 50 265 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, памерлі ад COVID-19 282 асобы. 24 506 пацыентаў паправіліся і выпісаныя. Дарэчы, Міністэрства аховы здароўя выпісанымі лічыць таксама памерлых.

Колькасць новых выяўленых выпадкаў каронавіруса паводле афіцыйных звестак вось ужо з 25 красавіка не падае ніжэй за восемсот штодня, але ніколі не перакрочвае тысячы. І хаця каранціну ўлады не абвяшчаюць, грамадзяне небяспеку адчуваюць.

«Хочацца ў такія цёплыя дні схадзіць на рэчку, пакупацца, але, паколькі пандэмія, вірус, то непажадана», – кажа жыхарка Берасця.

Тым часам еўрапейскія краіны адна за адною выходзяць з каранціну. Гэтак цяпер у Іспаніі зноў можна ладзіць карыду, наведваць рэстараны і начныя клубы, але дзеля бяспекі – без танцаў.

«Як вы бачыце, зала не ўся занятая, не вядома, ці шмат людзей будзе прыходзіць. Але мы моцна не праймаемся, адаптуемся да новай сітуацыі», – распавёў Хуан Паблё Інігес, менеджар кавярні.

З сёння адмянілі рэжым самаізаляцыі і пропускаў у Маскве, пачалі працаваць цырульні, салоны прыгажосці, ветэрынарныя клінікі. Праз тыдзень запрацуюць стаматалогіі, летнія веранды кавярняў, а праз два тыдні – рэстараны і спартовыя аб’екты. Пакуль жа масквічы цешацца з дазволу выходзіць на вуліцу:

«Цяпер свабода! Можна кругом пайсці, толькі трэба маску насіць».

«Цяжка сядзець дома, не выходзячы на вуліцу, без паветра».

«Я паўтара месяца быў на каранціне, таму нармальна. Ато нават у паліклініку не схадзіць».

Не зважаючы на тое, што каронавірус не адступае, улады Расеі рыхтуюцца да параду Перамогі, што мае адбыцца 24 чэрвеня, і да правядзення галасавання за папраўкі ў Канстытуцыю, якое мае пачацца на наступны дзень пасля параду.

Вольга Старасціна, «Белсат»