Беларускае надвор’е зноў ставіць рэкорды. На пачатку лета – нязносная спёка, цяпер жа метэаролагі фіксуюць рэкордныя халады.
Звычайна самы спякотны месяц лета сёлета дужа расчароўвае аматараў адпачываць каля вады.
На дварэ вецер, прахалода і хмары, але на Заслаўскім вадасховішчы, што ў Менску, у нядзелю ўсё адно багата людзей. Праўда, заходзіць у халодную ваду ніхто не адважваецца. Кажуць жыхары Менску:
«Не падабаецца, сумна з гэтага, хочацца спёку».
«Перапады вялікія, то холад, то цёпла, і ціск мяняецца рэзка. Чэрвень толькі добры быў для рыбалкі».
«Калі б мы не паехалі на адпачынак, то ўвогуле б не хапіла вітаміну D».
Людзі сумуюць па купанні, а вось азёры і рэкі адпачываюць ад гасцей. Як мала плыўцоў, то і забруджанасці менш – санстанцыя на сёння абмежавала купанне толькі адным возерам Пухавіччыны.
Ёсць і станоўчы бок у халодным і дажджлівым надворʼі. Паводле зводкі МНС, у Беларусі няма ніводнага буйнога ляснога пажару, наведваць лясы можна ўва ўсіх рэгіёнах краіны.
Халадней за ўсё гэтай ноччу было ў Клічаве, што на Магілёўшчыне. Тут тэмпература апускалася ўсяго толькі да чатырох градусаў. Не цёпла таксама на Віцебшчыне, нават удзень слупкі тэрмометраў паказвалі тут не зусім летнюю тэмпературу. Кажуць жыхары Віцебску:
«Халодна! Паапраналі восеньскую вопратку. Хочацца цяплыні».
«Паплаваць не паспелі, бо халодна неяк было. Летам я не задаволена».
«Паспелі толькі ў лес схадзіць, а купаліся ў адпачынку ў іншых месцах».
«Я ўвогуле закаляюся, таму для мяне гэтае надворʼе прыўкраснае».
Паводле прагнозу сіноптыкаў, у жніўні нас не кожны дзень будзе радаваць сонейка, без дажджу абяцаюць толькі пяць дзён. Сённяшняя ноч таксама будзе наздвычай халодная, але гэта не страшна, калі блізкіх і каханых мацней абдымаць!
Марыя Грыц, «Белсат»