Леніна – пахаваць, маўзалей Катоўскага – рэканструяваць


Змясціць у маўзалеі ў Маскве гумовую або васковую копію Леніна, а самое цела пахаваць. Гэткая прапанова паступіла ва ўрад Расеі ад аднаго з мясцовых дэпутатаў. Зладзіць жалобную працэсію да 100-годдзя сваёй смерці Ленін нібыта прасіў у тастаменце. Перамены чакаюць і склеп чырвонага камісара Рыгора Катоўскага ва Украіне. Ягоны маўзалей меліся знесці, аднак цяпер мясцовыя ўлады распачалі рэканструкцыю будынку.

Гэтае збудаванне ў Падольску, што ў Адэскай вобласці Украіны, – маўзалей герою грамадзянскай вайны і савецкага фальклору Рыгору Катоўскаму. Чырвоны склеп камандзір у свой час атрымаў за асаблівыя заслугі падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да 2015-га года горад нават насіў ягонае імя. Але затым ва Украіне ўступіў у моц Закон «Аб дэкамунізацыі» – ліквідацыі савецкай ідэалагічнай спадчыны. Гэтак маўзалей меліся знесці. Некалі ён быў папулярным турыстычным месцам. Валянціна Міхайлава, жыхарка Падольску, распавядае ў размове з журналістам:

– Гэта яшчэ ў дзяцінстве было, потым часу не было хадзіць!

– Але людзі прыязджалі на экскурсіі?

– Так, вядома, былі!

Аднак цяпер работнікі зноў рэстаўруюць маўзалей. Мясцовыя ўлады тлумачаць: музей аднаўляць не збіраюцца. Але збудаванне плануюць пакінуць у такім жа выглядзе. Кіруюцца нюансамі ўкраінскага заканадаўства.

«Да Вялікай Айчыннай вайны гэта быў маўзалей. А пасля ён лічыцца занесеным у дзяржаўны рэестр як склеп-магіла! Склеп-магіла пад закон аб дэкамунізацыі не трапляе!» – каментуе Анатоль Карчавы, Першы намеснік мэра Падольску.

Некаторыя гараджане з натхненнем сустрэлі ініцыятыву ўладаў:

«Як бы там ні было, гісторыя гэта нашая, і без гісторыі будучага няма! І, па-мойму, большасць у гэтым горадзе з гэтым згодная!»

Некаторых жа ініцыятыва аднавіць маўзалей абурыла. На перакананне грамадскіх актывістаў, захаванне маўзалею – спроба паступовай адмовы ад дэкамунізацыі ў рэгіёне.

«Гэта збудаванне, існаванне якога сёння можна трактаваць як фактычную падтрыманне савецкай акупацыі Украіны!», – кажа грамадскі актывіст Сяргей Сцярненка.

Актывісты патрабуюць знесці будынак склепу-маўзалею, а парэшткі савецкага вайсковага старшыні пахаваць. Дарэчы, прапановы перапахаваць Катоўскага паступаюць рэгулярна – з Малдовы, дзе той нарадзіўся, і з Расеі, дзе жыве ягоная ўнучка. Украіна ж на гэтыя заявы пакуль не рэагуе.

Усевалад Ананьеў, belsat.eu