Купалаўскі тэатр завёў у сваё закуліссе


Купалаўскі тэатр распачаў соты сезон. Ён адкрыўся вялікім пікніком у Аляксандраўскім скверы! Тут можна і падсілкавацца, і паздымацца, і ўзяць удзел у экскурсіях па закуліссі.

Іх ладзіў у тым ліку і папулярны пісьменнік Андрусь Горват, прычым рабіў гэта ў вобразе дворніка. Вобраз невыпадковы: калісьці аўтар кнігі «Радзіва «Прудок» сапраўды працаваў у Купалаўскім прыбіральнікам. Завіталі на імпрэзу і акторы з рэжысёрамі, сярод якіх – Павел Харланчук, Алег Гарбуз і Мікалай Пінігін.

Меркаванні
Люстэрка для глядзельнай залы. Пінігін вернецца да «Тутэйшых»?
2019.08.29 17:30

Мы сустрэлі ў Аляксандраўскім скверы і іншых людзей, чый лёс так ці інакш быў звязаны з Купалаўскім тэатрам.

«Вось там вісіць мой плакат – «Паўлінка». Я рабіла яго вельмі даўно – у 1978 годзе. Я працавала шмат гадоў, рабіла плакаты для Купалаўскага тэатру. Цяпер я тут не жыву, тут ужо іншы свет, усё змянілася. Але мне цікава. Мы прыехалі сюды з маім сябрам з Бельгіі. Я яму паказваю ўсё», – кажа госця тэатральнага пікніку.

«Я да 1965 года жыла ў суседнім двары. Таму гэты тэатр быў для мяне вельмі блізкім. Аднойчы з-за тэатру я спазнілася ў школу. Я вучылася ў 24-ай школе і вырашыла скараціць дарогу. Я пайшла паўз тую частку тэатру, дзе стаялі афішы. Адна з афішаў упала на мяне. Я боўталася ў снезе, паспела толькі да другога ўроку», – кажа наведвальніца.

Hавiны
Памёр актор Купалаўскага тэатру Аўгуст Мілаванаў
2019.07.19 11:11

Надвор’е ўжо сапраўды восеньскае, таму арганізатары заклікалі браць з сабою пледы. А ўладальнік найбольшага пледа атрымае запрашэнні на закрытыя паказы ўсіх прэм’ераў новага сезону.

«Вельмі любім Купалаўскі. Былі тут не раз на спектаклях, таму не маглі абмінуць увагай такое мерапрыемства. З задавальненнем прыйшлі. На жаль, надвор’е кепскае. Але ўсё роўна прыемна тут быць, бачыць гэтых славутых людзей, таленавітых людзей. Гэта сапраўдны гонар нашай краіны», – заяўляюць гледачы.

Hавiны
«Рэвалюцыі не будзе»: што чакае Купалаўскі пры Латушку?
2019.03.31 12:24

Цягам восені Купалаўскі прэзентуе некалькі прэм’ераў: гэта камедыі «Вешальнікі» і «Ураджай», а таксама класічны «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле Яна Баршчэўскага. Соты сезон абяцае быць гарачым, зусім не такім, як сённяшняе надвор’е.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»