Крэмль заблакаваў мяжу


Беларуска-расейскія стасункі абвастраюцца. Крэмль блакуе беларускую мяжу і абураецца затрыманню ў Менску чальцоў прыватнай вайсковай кампаніі. А тым часам улады Беларусі наладжваюць супрацу з украінскімі калегамі.

Васьмікіламетровыя чэргі на мяжы. Ад непажаданых гасцей абяцаў закрыцца Менск, але перашкоды для ўезду і выезду з Беларусі стварыла Расея.

«Усё, стаім, разумееце! Гэта трэба запытаць у таго, хто камандуе гэтым парадам. Ён, хутчэй за ўсё, дасць адказ!»

«Колькі разоў мы ездзілі на Радзіму ў Беларусь, мы ўпершыню апынуліся ў такім корку і не ведам, што рабіць. А нам яшчэ ехаць 500 кіламетраў. Усё дрэнна пакуль. Можа, будзеце вырашаць праблему неяк?»

«Гэта ўсё з-за ўчорашніх падзеяў. Баевікоў, якія прыбылі ў Беларусь!» – абураюцца падарожнікі на расейска-беларускай мяжы.

Расейскія памежнікі спраўджваюць дакументы і бяруць нумар тэлефона ва ўсіх падарожнікаў. Кантроль Крэмль увёў пасля таго, як пад Менскам спецназ беларускага КДБ затрымаў 33 меркаваных расейскіх наймітаў.

«Беларусь вінаваціць наўпрост і публічна свайго асноўнага хаўрусніка ў тым, што ён засылае баевікоў на яе тэрыторыю. Больш за тое, яна не проста пра гэта заяўляе! Яна затрымлівае грамадзянаў Расеі, якія паводле інфармацыі спецслужбаў (у тым ліку ўкраінскіх) зʼяўляюцца штатнымі ці пазаштатнымі супрацоўнікамі расейскіх спецслужбаў», – тлумачыць рэзкі крок Масквы аўтар кнігі «Беларускі Данбас» журналіст Ігар Ільяш.

Сёння спіс затрыманых Менск перадаў у Кіеў.

«МЗС Беларусі звярнуўся да нас з просьбаю перадаць гэты дакумент кампетэнтным органам Украіны для праверкі на прадмет здзяйснення ўказанымі асобамі злачынстваў у нашай дзяржаве ды ўдзелу ў вайсковых дзеяннях», – паведаміў міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба.

Як для меркаваных наймітаў, так і для Крамля затрыманне можа абярнуцца значнымі праблемамі.

«СБУ адрэагавала амаль адразу, і цяпер яны з Генеральнай пракуратурай абмяркоўваюць пытанне, ці распачынаць крымінальныя справы і ці выстаўляць афіцыйныя абвінавачанні, якія паслужаць падставаю для экстрадыцыі», – зазначыў украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Мэтаю прыезду затрыманых, паводле Менску, была «дэстабілізацыя сітуацыі ў перадвыбарчы перыяд». Каля 170 баевікоў усё яшчэ застаюцца ў Беларусі – папярэдзіў напярэдадні кіраўнік Савету бяспекі. Давяраюць ягоным словам не ўсе.

«Гэта выглядае як рычаг, пры дапамозе якога Менск збіраецца ціснуць і на апазіцыю ўнутры краіны, і апраўдвацца перад міжнароднай супольнасцю ў выпадку жорсткіх, брутальных і, магчыма, крывавых разгонаў пратэстаў унутры краіны», – мяркуе Ігар Ільяш.

Агучаная Андрэем Раўковым інфармацыя пра 170 дыверсантаў можа аказацца праўдай, бо некалі яны ўжо так дзейнічалі – папярэджвае іншы эксперт.

«Групамі па 5-10 чалавек пранікалі на тэрыторыю Крыму яшчэ напрыканцы лютага 2014 года праз паромную пераправу Керч – Каўказ. Таксама, як і ў Беларусі, яны пранікалі групамі, а месцы перабывання яны выбіралі менавіта ў санаторыях», – нагадаў Дзяніс Івашын з аналітычнай супольнасці «InformNapalm».

«Грунтоўную размову» з сябрамі свайго Савету бяспекі правёў Уладзімір Пуцін. Крэмль спадзяецца на вызваленне затрыманых расейскіх грамадзянаў. Інцыдэнт пракаментаваў і амбасадар Расеі ў Беларусі.

«Мы павінныя рабіць усё, каб не дапускаць падобных падзеяў у будучыні: слухаць адзін аднаго, папярэджваць адзін аднаго, бо жыццё настолькі багатае, што можа падкідваць любыя абставіны», – пракаментаваў Дзмітрый Мезенцаў.

Кантроль на расейскай мяжы ўзмацніў і Менск – заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі. Якім чынам, памежнік не раскрыў, каб, цытата, «наши недруги про это не знали».

Аляксандр Папко, «Белсат»