Колькі будзе кандыдатаў на прэзідэнта?


Айчынны Цэнтрвыбаркам распачаў рэгістрацыю кандыдатаў на пост прэзідэнта. Асобы тых, хто зможа ўдзельнічаць у агітацыі, агучаць праз дзесяць дзён – 14 ліпеня. Ці застануцца на выбарах галоўныя канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі: як сітуацыю ацэньваюць эксперты ды звычайныя беларусы? Даведалася Анастасія Русецкая.

Хто дойдзе да выбараў? Дакументы ў Цэнтрвыбаркам для рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта падалі сем чалавек: Віктар Бабарыка, Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандр Лукашэнка, Валерый Цапкала, Святлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачань.

«Бабарыку хутчэй за ўсё зарэгіструюць. На дадзены момант ён у турме, але яго зарэгіструюць, бо тады будзе вельмі моцнае хваляванне ў людзей і будуць вельмі моцныя пратэсты. А Ціханоўскую – хутчэй за ўсё так, але яна не набярэ неабходнай колькасці галасоў. За яе мала прагаласуюць».

«Хацелася б, каб іх зарэгістравалі, яны вельмі моцныя кандыдаты. Гавораць правільныя рэчы, упэўнена сябе паводзяць. Хацелася б, так».

«Гэта звычайная палітычная гульня. Рэальных выбараў у нас няма. А незалежнасць, на маё меркаванне, – гэта міф. А зарэгіструюць гэтых кандыдатаў – Віктара Бабарыку і Святлану Ціханоўскую – ці не, мне здаецца, ніякай ролі не адыграе», – кажуць жыхары Менску.

Ці дапусцяць улады да выбараў найбольш папулярных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі? Стане вядома ўжо гэтымі днямі, мяркуе філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Улады ці то захоўваюць інтрыгу да самага канца, ці то ў іх нешта пайшло не так па іх сцэнары. Таму яны арыентуюцца на сітуацыю і зараз глядзяць, што прадпрымаюць тыя ці іншыя штабы ды варта ці не варта іх рэгістраваць».

Найбольш верагоднаю падставай для магчымай адмовы рэгістраваць альтэрнатыўных кандыдатаў эксперты называюць недакладную дэкларацыю аб даходах і маёмасці. У выпадку Святланы Ціханоўскай скласці дакумент правільна можа перашкодзіць зняволенне ейнага мужа. Праблемы могуць паўстаць і ў штаба Віктара Бабарыкі, які цяпер таксама за кратамі.

«Там павінна быць абавязкова ўказаная маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за мяжой. І транспартныя сродкі павінны быць указаны. Дастаткова адной памылкі, улічваючы памеры магчымай уласнасці Бабарыкі, для таго каб выйсці за мінімум 20 % недакладнасцяў, якія прадугледжаны пастановай ЦВК», – тлумачыць каардынатар кампаніі па назіранні за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Прынамсі, цяпер не варта разлічваць на рэгістрацыю і экс-кіраўніку Парку высокіх тэхналогіяў Валерыю Цапкалу, якому ЦВК пакінула толькі 75 тысяч подпісаў са 160 тысячаў пададзеных. Каб стаць кандыдатам, трэба пераадолець планку ў 100 тысяч подпісаў.

«На працягу трох дзён пасля такой адмовы Валер Цапкала можа звярнуцца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь са скаргай на рашэнне ЦВК. У верагоднасць станоўчага рашэння мне з цяжкасцю верыцца. Я буду вельмі, вельмі здзіўлены, калі рашэнне будзе на карысць Валерыя Цапкалы», – гаворыць Уладзімір Лабковіч.

Хто ж мае шанец стаць кандыдатам на пост прэзідэнта Беларусі?

«Двое цалкам падпарадкаваных ім кандыдатаў – Канапацкая і Дзмітрыеў – у любым выпадку будуць зарэгістраваныя. Ну і Чэрачань невядома, як сябе павядзе, але, хутчэй за ўсё, таксама будзе. Таму безальтэрнатыўных выбараў, па іх меркаванні, ужо не адбудзецца», – кажа Уладзімір Мацкевіч.

Апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду – 14 ліпеня. Тыя з прэтэндэнтаў, хто зарэгіструецца паспяхова, змогуць распачаць перадвыбарчую агітацыю. Выбары прэзідэнта адбудуцца 9 жніўня.

Анастасія Русецкая, «Белсат»