Не папраўкі, а поўная адмена абноўленага закону аб аўтамабільных перавозках. Гэткае патрабаванне выставіла група магілёўскіх актывістаў і распачала збор подпісаў дзеля падтрымання перадусім карыстальнікаў паслугаў міжгародніх маршрутак.
Кампанія распачалася тыдзень таму і працягнецца да канца сакавіка. Магілёўцы актыўна падтрымліваюць ініцыятыву – у першы ж дзень актывісты сабралі паўсотні подпісаў. Агулам сабралі больш за 80 тысячаў.
Новыя правілы для ўладальнікаў маршрутак нясуць не толькі страту камфорту для пасажыраў, але і павышэнне коштаў, пераконвае адзін з магілёўскіх кіроўцаў. Вядзецца пра рост мінімум на да 20 %.
Каб абмінуць новыя правілы, уладальнікі маршрутак Магілёў-Менск зарэгістраваліся ў якасці турфірмаў. Пасажыры ж на борце – нібыта турыстычная група.
«Тэлефануе маршрутчык за гадзіну да адпраўлення і пачынае тлумачыць, што ў нас група сфармавалася. Ці будзеце вы старэйшым гэтай групы, хі-хі-ха-ха, вось урад такі-сякі, ну, вы ўсё разумееце. Можна толькі сабе ўявіць, што гэтыя пасажыры пасля гэтага падумаюць пра нашае кіраўніцтва краіны, пра нашых парламентарыяў, якія гэты закон прынялі», – распавядае актывіст Уладзімір Шанцаў.
Пра парламентароў, якія пры прыняцці закону не параіліся з тымі, на каго ўласна і скіраваныя змены. Менавіта адсутнасць дыялогу і ёсць асноўная праблема, мяркуе магілёўскі маршрутчык Віталь Рапікаў. І дадае, што перавознікі гатовыя на шмат якія саступкі. Апроч аднаго моманту.
«Мы супраць конкурсу, бо конкурс мы лічым несправядлівым. Просты прыклад: у мяне ёсць знаёмы, ён ездзіць на Мсціслаўль. Машына ў яго 11-га году выпуску. На конкурс прыйдзе старонні чалавек з аналагічнай машынай 2012 году выпуску. І проста выйграе конкурс. Дзе тут справядлівасць?», – даводзіць кіроўца.
Змены ў закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» набылі моц 23-га студзеня сёлета. Сярод новаўвядзенняў – абавязковыя пераафармленне ў рэгулярнага перавозніка і дамова з Мінтрансам, збор і высадка пасажыраў на вакзалах і прыпынкі толькі ва ўстаноўленых месцах. З прычыны апасенняў штрафу ці нават канфіскацыі аўта шмат якія перавознікі прыпынілі дзейнасць.
Лола Бурыева, «Белсат», фота: Julia Darashkevich / Reuters / Forum