«Кіраўніцтва заводу спрабуе спіхнуць віну на работніка, які загінуў»: на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся пажар


На Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся пажар, загінула прынамсі адна асоба. За год гэта ўжо другая ахвяра на прадпрыемстве.

На цэлюлозна-кардонным камбінаце пад Светлагорскам зноў трагедыя. А палове на адзінаццатую падчас зварачных работ на рэзервуары з талавым алеем адбыўся выбух і пачаўся пажар.

«Выбух быў, грукат і смярдзела – пах быў непрыемны. Страшна было – бо невядома, што гэта рванула», – узгадвае жыхарка Якімавай Слабады.

«Хутчэй за ўсё, праводзіліся зварачныя работы, і адбыўся выбух сумесі. Сам талавы алей не гарыць, а вось сумесь – можа, трапіла іскра. Быў воплеск чутны, выбух. Правільна, таму што крышку, якая накрывае гэты апарат, адкінула ўверх», – кажа актывіст-эколаг Анатоль Змітровіч.

Лакалізавалі пажар апоўдні. Згодна з папярэднімі звесткамі, загінуў 40-гадовы зваршчык падраднай арганізацыі «Белсантэхмантаж» Аляксандр Русіновіч.

«Ёсць інфармацыя ад супрацоўнікаў «Белсантэхмантажу» пра тое, што цяпер кіраўніцтва заводу спрабуе спіхнуць усю віну менавіта на таго работніка, які загінуў. Гэта звычайная практыка для беларусаў. Вінаваты той, хто ўжо не зможа сябе абараніць», – распавядае грамадская актывістка Алена Маслюкова.

Гэта другая смерць за год на прадпрыемстве. Улетку прарвала трубаправод. Гарачай тэхналагічнай вадкасцю абліло дваіх рабочых. Адзін з іх ад апёкаў памёр.

«Розум не йме. А што далей будзе? Дакуль гэты завод будзе працаваць? І ў нас кожны раз на заводзе смерць нейкая», – абураецца жыхарка Якімавай Слабады.

«Людзі ў горадзе кажуць, што гэта завод-забойца. Як можа афіцыйны завод, які прапрацаваў некалькі месяцаў – яшчэ году не прапрацаваў, – у іх усё развальваецца?» – здзіўляецца Алена Маслюкова.

Завод неаднаразова трапляў у цэнтр скандалаў. Спачатку будаўнікі паклалі няякасны кабель. Затым прадпрыемства запоўніла наваколле невыносным смуродам, а ў адным з цэхаў абваліўся дах.

«Да гэтага часу завод не выйшаў на праектную магутнасць непарыўнага цыклу. У верасні два тыдні ён стаяў на рэканструкцыі. І мы бачым, што пасля рэканструкцыі атрымліваюцца такія вось справы», – гаворыць Анатоль Змітровіч.

Сімвалічны запуск абсталявання лініі для вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на камбінаце ў Светлагорску сёлета ў сярэдзіне лютага зрабіў Аляксандр Лукашэнка.

«Смярдзючага паху няма? У вас усё па экалогіі нармальна?» – пацікавіўся Лукашэнка ў чыноўнікаў.

«Інакш бы мы не падпісалі акт уводу. Няма праблемаў», – адказаў кіраўнік канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў.

«Вельмі часта смурод у горадзе, немагчыма дыхаць. Я шмат разоў званіла – на што нам адказваюць: вашая заявачка прынятая. Гэта жахліва. Часам да млоснасці. Звычайна па начах і ранкам».

«Нам хадзіць з гэтым пахам. Гадасць. Вельмі часта пахі гэтыя – аж да млоснасці. У дзяцей галовы кружацца, баляць», – кажуць жыхары Светлагорску і Якімавай Слабады.

Завод беленай сульфатнай цэлюлозы на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце будавалі некалькі гадоў з дапамогаю крэдытаў кітайскіх банкаў кітайскія падрадчыкі ды рабочыя. Праз супярэчнасці кантракт быў скасаваны. Завяршалі працу беларускія падрадныя арганізацыі.

Анастасія Русецкая belsat.eu