Керчанскі крызіс скончыўся?


А мы працягваем сачыць за падзеямі вакол канфлікту ў Керчанскай пратоцы. Сёння з’явілася інфармацыя пра частковае разблакаванне ўкраінскіх партоў у Азоўскім моры. Тэма расейска-ўкраінскіх дачыненняў гучыць і ў NATO. Міністры замежных краінаў альянсу шукаюць выйсця з сітуацыі, якая склалася, але сыходзяцца ў адным: дзеянні Расеі скіраваныя на дэстабілізацыю.

Бярдзянскі марскі гандлёвы порт ужо тыдзень пустуе. Праз блакаду судоў у Керчанскай пратоцы з дзевяці прычалаў працуюць толькі два. Кіраўніцтва порту падлічвае страты ды анансуе звальненне ажно да траціны працаўнікоў! А ў суседнім Марыупалі называюць і кошты: дзень прастою сярэдняга карабля каштуе яго ўласніку прыблізна 15 тысяч долараў. Стаяць жа часамі даводзіцца па 15 дзён! Да 25 % марскога экспарту Украіны страчваецца праз перашкоды з боку Расеі.

«Усе экспарцёры цяпер кажуць: нявыгадна заходзіць [сюды]. То бок Расейская Федэрацыя штучна дэстабілізуе сітуацыю ва ўкраінскіх партах азоўскага рэгіёну», – кажа Аляксандр Алейнік, кіраўнік Марыупальскага марскога порту.

Адная з галоўных мэтаў Расеі – паслабіць эканамічны стан усходняй Украіны напярэдадні выбараў, мяркуе аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч. Ігар Тышкевіч з Украінскага інстытуту будучыні каментуе:

«Каб на выбарах – і парламенцкіх, і прэзідэнцкіх – прарасейскія сілы маглі казаць, што, калі мы сябравалі з Расеяй, было лепей, і мелі дакументальнае пацверджанне гэтага ў выглядзе заробкаў людзей ды іхных даходаў».

Што праўда, сёння Расея часткова разблакавала рух караблёў праз Керчанскую пратоку ў кірунку Бярдзянску і Марыупалю. Аднак чарга з больш як 10-ці караблёў пакуль што ўсцяж захоўваецца.

«Разблакаванне ўкраінскіх партоў сталася магчымым дзякуючы скаардынаваным дзеянням украінскіх уладаў, жорсткай і адназначнай міжнароднай рэакцыі, а таксама ўвазе з боку замежных медыяў», – тлумачыць Уладзімір Амэлян, міністр інфраструктуры Украіны.

Пакуль Кіеў рыхтуе пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН, NATO ужо называе вінаватых. У сталіцы Бельгіі сёння сустракаліся міністры замежных справаў краінаў Паўночнаатлантычнага альянсу. Знайшлося месца і для прадстаўніка Украіны. Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO:

«Украіна не ёсць сябрам NATO, але мы рашуча падтрымліваем яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. Таксама мы заклікаем Расею вызваліць маракоў і тыя караблі, якія яны захапілі».

«Спыніць будаўніцтва Паўночнага патоку-2 – гэта была б найлепшая санкцыя супраць Расеі. Таксама як магчымасць забароны для некаторых расейскіх суднаў карыстацца партамі цывілізаваных краінаў», – кажа Паўло Клімкін, міністр замежных справаў Украіны.

Канфлікт паміж Расеяй і Украінай абвастрыўся 25-га лістапада, калі расейскі памежны карабель атакаваў буксір ВМС Украіны. Тры ўкраінскія караблі і 24 маракі былі захопленыя расейскімі сілавікамі па абвінавачанні ў незаконным перасячэнні расейскай мяжы. У выніку Украіна ўвяла на прылеглых да Расеі вобласцях ваеннае становішча. Кіеў дамагаецца санкцыяў супраць Расеі, бо лічыць інцыдэнт з караблямі парушэннем міжнародных дамоўленасцяў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu