Каронавірус у Беларусі


«Наперадзе планеты ўсёй». Беларусь увайшла ў топ-10 краінаў паводле колькасці заражаных каронавірусам на душу насельніцтва і ў топ-25 краінаў паводле агульнай колькасці інфікаваных з пачатку выбуху. Тым часам у Міністэрстве аховы здароўя ў статыстыцы пабачылі і… пазітыў.

897 новых выпадкаў станоўчага тэсту на COVID-19 і 6 новых смерцяў на сёння: Міністэрства аховы здароўя дэкларуе, што плато ўжо блізка. Агулам у Беларусі, паводле афіцыйных падлікаў, захварэлі 38 тысячаў 956 чалавек, з іх 214 памерлі. А вось новыя звесткі пра колькасць пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вентыляцыі лёгкіх і пра колькасць выпісаных дадому з лёгкаю формаю хваробы не агучваюцца. Пра сітуацыю ў сваім горадзе «Белсату» распавядаюць жыхары Пружанаў:

«Казалі, што ляжыць у больніцы сто, ці колькі там, чалавек. А ці каронавірусная пнеўманія альбо звычайная прастуда – нічога не магу сказаць».

«Чула, што ў Бярозе вельмі шмат хворых. Ну ў нас у знаёмых у пад’ездзе з працы таксама жанчына. Ну так, толькі адзінкавыя выпадкі…»

«Вірус ходзіць, часта хварэюць. Дзеткі хварэюць вельмі моцна. Вось у маёй старэйшай дачкі каронавірус знайшлі ў вёсцы. Нікуды не выязджае: сказалі, што нельга».

Складаная сітуацыя і ў Пінску, дзе яшчэ месяц таму не фіксавалі ніводнага выпадку COVID-19, а сёння ў мясцовай больніцы ляжаць пад тры сотні пацыентаў з пнеўманіяй. На каранцін адправілі і частку студэнтаў з мясцовага аграрна-тэхнічнага каледжу, дзе ў аднаго з навучэнцаў выявілі хваробу. Распавядаюць пінчукі:

«Страх ад няведання, што адбываецца ў горадзе».

«У мяне муж ляжыць у больніцы. У яго пнеўманія, але нямоцная».

«Баюся, чаму ж не баяцца. Баюся! А куды падзецца? Нічога ж не паробіш, жыццё такое ў нас».

А таму і да самазаспакаення, у адрозненне ад чыноўнікаў, далёка прынамсі валанцёрам, якія працягваюць дапамагаць медыкам па ўсёй краіне. Гэтак, сёння актывісты не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі пры падтрыманні Генеральнага консульства Польшчы перадалі партыю сродкаў індывідуальнай аховы і дэзынфекцыі ў раённую больніцу ў Вялікай Бераставіцы, што на Гарадзеншчыне.

«У гэтыя складаныя часы пандэміі ўсе мы павінны быць разам, падтрымліваць адно аднаго, нават калі гэтае падтрыманне сімвалічнае. Але, магчыма, тым больш каштоўнае, бо ідзе ад сэрца. З польскага боку спрабуем аказваць дапамогу ў базавых рэчах, якія неабходныя медыкам. Быў гуманітарны канвой, магчыма, будуць наступныя», – распавядае генеральны консул Польшчы ў Горадні Ярослаў Ксёнжэк.

Штопраўда, прызнаюцца актывісты, не паўсюль за сваю дапамогу яны чуюць словы ўдзячнасці.

«У вачах усіх, канечне, мы бачылі ўдзячнасць за нашую дапамогу. Але рэакцыя была розная. То бок можна смела сказаць, што сёння некаторыя неахвотна прымалі. Але гэта не толькі іхныя жаданні, а значыць, былі і нейкія хіба што ўказанні. Вельмі шкада!» – засмучана разводзіць рукамі кіраўніца філіялу СПБ у Ваўкавыску Марыя Цішкоўская.

А тым часам у Берасці ў сувязі з каронавірусам улады адмянілі ўсе памятныя акцыі на 22 чэрвеня. Факт прынамсі не менш красамоўны за лічбы ад Міністэрства аховы здароўя. Штопраўда, куды менш аптымістычны.

Валера Руселік, «Белсат»