Каронавірус у Беларусі імкліва распаўсюджваецца ці ідзе на спад?


Беларусам пра гэта не паведамляюць. Ужо другі дзень Міністэрства аховы здароўя не падае звестак пра колькасць інфікаваных каронавірусам! У шмат якіх краінах свету такія звесткі друкуюць кругласуткава онлайн, у нас жа гэта стала дзяржаўнай таямніцай.

Мінздароўя не падае ні агульнай колькасці выпадкаў каронавіруса, ні лічбаў прыросту захворванняў за дзень, адзначае толькі колькасць памерлых і тых, хто застаецца на стацыянарным лячэнні, колькі людзей выздаравелі ды колькі выпісалі, у лік выпісаных дадаючы таксама і памерлых ад COVID-19.

Жыхарка Менску:

– Усё робяць правільна.

Журналістка:

– А чаму вы тады ў масцы ходзіце?

– А маску сказалі надзяваць!

– Хто сказаў?

– Маску паўсюль надзяваць – гэта я згодная.

Пра тое, што ўлады ўсё робяць правільна і ні ў чым не памыліліся, казаў сёння і Аляксандр Лукашэнка, чарговы раз пахваліўшы абраную ім тактыку барацьбы з каронавірусам. Але не ўсе беларусы з гэтым згодныя:

«Старое насельніцтва проста хочуць, каб адышло. Так. Каб паболей грошай было».

«Трэба ўвесці каранцін, бо лічба ўсё ж павялічваецца – і заражаных і памерлых».

«Павінныя рабіць, як ва ўсім свеце: закрыць усе ўстановы, асабліва школы, універсітэты яшчэ так сабе, а школы дакладна, бо ўсё ж малыя дзеці».

«Трэба было каранцін уводзіць ужо даўно, бо чуеш, што там нехта памер, там захварэў».

«Лепш бы мы сядзелі на каранціне, каб абараніць сябе і сваіх блізкіх».

Дакладна бяспечна можа пачувацца – кіраўнік краіны: падчас наведвання на Вялікдзень Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храму ў Смалявіцкім раёне ў адрозненне ад вернікаў ён стаяў на бяспечнай адлегласці ды, як з трыбуны, на царкоўнае свята казаў пра справы мірскія – прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Кіраўнік краіны пацвердзіў, што выбары адбудуцца праз чатыры-пяць месяцаў, а гэта значыць, што выбарчая кампанія пройдзе не ў самых спрыяльных умовах для іншых кандыдатаў на прэзідэнцтва – у абмежаваных магчымасцях сустракацца з выбарцамі.

«Я вам гарантую, што чарговыя выбары ў нашай краіне пройдуць абсалютна чэсна і прыстойна. Мы чэсна і прыстойна будзем казаць вам пра будучыню, будзем распавядаць пра тое, як развіваецца нашая краіна і як будзе развівацца», – паабяцаў вернікам Лукашэнка.

Хутка Беларусы гарантавана атрымаюць расповеды пра будучыню краіны, але не гарантавана, што будучыня будзе такою, якой бы яны яе хацелі бачыць.

Вольга Старасціна, «Белсат»