Каменданцкай гадзіны ва Украіне не будзе


30 дзён баявой гатовасці. Пасля гарачых дэбатаў Вярхоўная Рада Украіны зацвердзіла ўказ прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб увядзенні ваеннага становішча з 26 лістапада гэтага году.

Нягледзячы на ​​пагрозлівую назву, ва Украіне мы не ўбачым ні каменданцкай гадзіны, ні ўсеагульнай мабілізацыі, ні канфіскацыі маёмасці, ні нават забароны грамадскіх пратэстаў.

«Асаблівае становішча будзе ўведзенае толькі ў выпадку наземнай аперацыі рэгулярных войскаў Расейскай Федэрацыі за межамі Аперацыі аб’яднаных сілаў і за межамі незаконна анексаванага Крыму», – кажа Пятро Парашэнка, прэзідэнт Украіны.

Уводзіцца яно таксама не на ўсёй тэрыторыі краіны, а толькі ўздоўж украінскай мяжы з Расеяй, узбярэжжа Азоўскага мора і на прыднястроўскім участку ўкраінска-малдаўскай мяжы.

«Менавіта там, дзе можа быць нанесены ўдар!» – каментуе Пятро Парашэнка.

Цікава, што на мяжы з Беларуссю, якая ёсць ваеннаю саюзніцаю Расеі, ваеннага становішча Кіеў не ўводзіць.

У паднятых па трывозе рэгіёнах Украіны навіну пра ваеннае становішча ўспрынялі з трывогаю:

«Яшчэ прызыўны ўзрост, так што ўсё можа быць».

«Увядуць – гэта будуць абмежаванні. Ні туды, ні сюды. Заробкі ўпадуць, пенсіі ўпадуць».

«Я перакананы, што парушэнняў правоў грамадзянаў у гэты перыяд не будзе. І вы бачыце гэта на ўласныя вочы. Горад жыве ў нармальным рэжыме».

«Каменданцкая гадзіна мусіць быць. Яе не ўвялі. А на сходы куды-небудзь і на дэманстрацыі мы не ходзім».

«Трэба спакойна пажыць трохі. Мне жыць засталося два гады. Я хачу пажыць трохі спакайней. А калі так будзе, як яны перадаюць, то цяжка».

Гэта прабоіна ў рубцы ўкраінскага артылерыйскага катара «Бярдзянск». У нядзелю браняваныя катары «Бярдзянск» і «Нікапаль», а таксама буксір «Я́ны Капу» былі абстраляныя і захопленыя расейскімі вайскоўцамі. Судны спрабавалі прайсці ва ўкраінскі порт Марыупаль праз заблакаваную расейскімі войскамі Керчанскую пратоку.

У палоне апынуліся 24 украінскія вайскоўцы. Запіс іхнага допыту ўжо апублікавалі расейскія тэлеканалы. На маракоў ціснуць, заявілі Вэ-эМ-эС Украіны.

«Пры пераходзе на борце была стралковая зброя, а таксама кулямёты ДШК з боекамплектам. Усведамляў, што дзеянні караблёў ВМС Украіны ў Керчанскай пратоцы маюць правакацыйны характар​», – гаворыць Уладзімір Лісавы, захоплены ў палон украінскі марак.

Менавіта інцыдэнт у Керчанскай пратоцы стаўся прычынай увядзення ваеннага становішча. Але гэта далёка не самы крывавы эпізод расейскай агрэсіі, якая доўжыцца ўжо амаль пяць гадоў. Чаму ваеннае становішча ўвялі менавіта цяпер, а не падчас баёў у Ілавайскім катле ці падчас штурму расейскімі танкамі Дэбальцава?

«Увядзенне цяпер ваеннага становішча – гэта нармальны сігнал нашым саюзнікам, краінам Захаду. Упершыню адбылася сітуацыя, калі нават расейцы не адмаўляюць, што яны напалі на ўкраінскія ўзброеныя сілы», – тлумачыць палітолаг Дмытро Лэвусь.

Ваеннае становішча ўводзяць, каб падняць рэйтынг прэзідэнта перад выбарамі, спыніць сацыяльныя пратэсты, а самыя выбары адкласці на больш позні тэрмін – абвінавачвалі Пятра Парашэнку як палітычныя супернікі, гэтак і Крэмль.

«Скарочаны час дзеяння ваеннага становішча з 60-ці дзён да 30-ці, бо гучалі абвінавачанні, што Парашэнка такім чынам хоча адмяніць выбары», – дадае палітолаг Дмытро Лэвусь.

Указы пра ўвядзенне ваеннага становішча «пакуль не абмяжоўваюць эканамічнай дзейнасці на ўсёй тэрыторыі Украіны», заявіла ўкраінскае Міністэрства эканамічнага развіцця. Панікі на міжнародных рынках пакуль не назіраюць. Керчанскія залпы мацней ударылі па эканоміцы Расеі. Курс рубля і каціроўкі расейскіх акцыяў упалі. На думку аналітыкаў, інвестары баяцца новых заходніх санкцыяў супраць Крамля.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Valentyn Ogirenko / FORUM