Калі сістэма ЖКГ працуе насуперак... законам фізікі


Журналісты «Белсату» знайшлі анамальную зону, дзе не дзейнічаюць законы фізікі і эканомікі – сістэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Тарыф за падагрэў вады ў нашых кватэрах аказаўся ў 8 разоў вышэйшы, чым кошт спаленага ў працэсе газу. Можа, тут справа ў махлярстве ці фенаменальнай безгаспадарлівасці? Разабрацца нам дапаможа школьны курс фізікі. За гарачую задачу ўзяўся Аляксандр Папко.

18 градусаў – халодная, і 42 градусы – цёплая. Вада такой тэмпературы цячэ з кранаў у тыповай кватэры гомельскага інжынера-фізіка Вячаслава Забаронскага. Згодна з афіцыйнымі нарматывамі, на падагрэў кубаметра вады нашыя камунальнікі выдаткоўваюць шэсцьсот дваццаць сем тысячных (0,627) гігакалорыі. Але фізіка кажа, што такая колькасць энергіі разагрэе ваду не на 24 градусы, а больш як на шэсцьдзесят.

«18 градусаў Цэльсія плюс 62,7 градуса Цэльсія – і мы атрымліваем 80,7 градуса Цэльсія. Але гэта ж амаль кіпень! Рэальная тэмпература вады з крана не 80,7 градуса, а 42 градусы. Аднак чыноўнікі выкарыстоўваюць гэты нарматыў для разліку сваіх жыровак», – кажа Вячаслаў Забаронскі, інжынер-фізік, Гомель.

Або нарматыў супярэчыць законам фізікі, або гарачая вада, пакуль дабяжыць да нашых кранаў, астывае напалову. На думку некаторых, свае сакрэты падліку камунальнікі не раскрываюць наўмысна.

«Яны са столі бяруць нейкія лічбы, і галоўнае, каб спажыўцы заплацілі. А як усё налічылі – гэта ўжо іншае пытанне», – гаворыць Васіль Палякоў, Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Пяць рублёў пяцьдзясят восем капеек – столькі каштуе падагрэў кубаметра вады паводле афіцыйных тарыфаў. Але газ, які спальваюць, каб падагрэць гэты ж кубаметр, каштуе ў разы менш! Вячаслаў Забаронскі:

«5,58 рубля падзелім на 0,7 рубля, атрымліваецца 7,97 сотых – у столькі разоў кошт падагрэву вады вышэйшы за кошт расейскага газу, які мы спальваем дзеля падагрэву гэтай вады. У восем разоў!»

Большасць апытаных гомельцаў непразрыстасць тарыфаў бянтэжыць, але плаціць і так прыходзіцца.

«Канечне, нас падманваюць. Заўжды і ва ўсім. Гэта іх хлеб. Чым больш з нас урвуць, тым больш сабе зробяць заплаты».

«Ой, ну ведаеце… У прынцыпе, мне здаецца, што не, калі праўду казаць…»

«Не ведаю, не ведаю… але дураць заўсёды просты народ».

«Усе роўна ў нашай дзяржаве ў параўнанні з іншымі нашмат лепей!», – абураюцца жыхары Гомля.

Простым спажыўцам невядома, што закладзена ў тарыфах: схаваны падатак ці нядбайнасць. Формулы тарыфаўтварэння і ўлік цяпла вядуць невядомыя чыноўнікі, а разлічваецца – кожны з нас…

Аляксандр Папко, belsat.eu