Аляксандр Шкуратаў – інвалід другой групы, у яго хворыя ногі. Але мужчына стараецца зарабіць на жыццё, мае тэхніку і невялікую гаспадарку. Увосень мусіў легчы ў шпіталь на абследаванне. Менавіта ў шпіталь яму і патэлефанавалі, а потым заехалі міліцыянты з РУУСу Чыгуначнага раёну Віцебску, бо на ўчастку спрацавала сігналізацыя. Ужо ў міліцэйскім УАЗіку старшы лейтэнант Шарапаў у прысутнасці прапаршчыка і маёра міліцыі з пагрозамі запатрабаваў ад пацярпелага дакументы на скрадзеныя з ягонага ўчастку рэчы: акумулятары, дзве балгаркі і зварачны апарат.
«Калі ты не прадставіш на кожную скрадзеную рэч дакументы, то я проста на ўчастку цябе пастаўлю ракам і атымею. Я кажу: у такім тоне я з вамі не збіраюся размаўляць, іду да вашага кіраўніцтва скардзіцца за вашыя дзеянні. І ён хапае мяне за масцерку і пачынае душыць. Перажаў кадык, ягоная рука побач з маім тварам, я адчуў удушша і паспрабаваў яго ўкусіць», – узгадвае пацярпелы Аляксандр Шкуратаў.
«Ён падскоквае і локцем бʼе з усяе моцы. Я аб сценку УАЗіка ўдарыўся, паспрабаваў прыкрыцца. І ён кажа: ты зразумеў, хто я? Я з табой жартаваць не маю намераў. І яшчэ ўдар ляціць мне ў падбароддзе. Я замкнуўся, кепска сябе адчуваю», – дзеліцца спадар Шкуратаў.
Пасля здарэння мужчына паехаў ва Упраўленне ўнутраных справаў міліцыі. Там выслухалі, паабяцалі разабрацца і звольніць Шарапава.
Міліцыя хоча абвінаваціць абкрадзенага інваліда ў скупцы крадзенага – металічнай дзежцы. Нібыта двое затрыманых у Следчым ізалятары далі паказанні супраць Шкуратава. Пацярпелы лічыць гэта ціскам з боку міліцыянта-нападніка і ягонага непасрэднага кіраўніцтва.
«Старэйшы лейтэнант Шарапаў сказаў, што калі б гэта было не каля РУУСа, ён бы мяне кудысьці завёз і закапаў», – дадае Аляксандр.
Паведамленні пра міліцэйскі гвалт, неадэкватныя паводзіны міліцыянтаў і катаванні ў пастарунках прыходзяць пастаянна. Днямі ў Хойніках міліцыянты на вачах у дзяцей збілі мужчыну, які заступіўся за незнаёмага. У Кобрыне ўчастковы зламаў мужчыну нагу, бо той ішоў дадому выпіўшы.
Віцебская міліцыя адмовілася каментаваць справу з нападам на інваліда. Агулам у Міністэрстве ўнутраных справаў грамадскі рэзананс вакол міліцэйскага бясчынства лічаць інфармацыйнай атакай.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»