Інтэграцыя з Расеяй становіцца тэмай сёлетніх выбараў


Пра ўмацаванне незалежнасці кажуць як апазіцыйныя, гэтак і блізкія да ўлады партыі, якія бяруць удзел у сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Больш за паўтары тысячы беларусаў падпісаліся на сайце «Канстытуцыя.бел» супраць інтэграцыі з Расеяй. Ініцыятары кампаніі заяўляюць, што восьмага снежня падчас падпісанні дакументаў Лукашэнкам і Пуціным можа адбыцца аншлюс Беларусі.

«Прэс-сакратар Эйсмант гаворыць: не-не-не, мы ніколі не зойдзем за чырвоныя сцяжкі, незалежнасць – гэта святое! Я ведаю, што яна хлусіць. Крутой – нейкі там эканамічны чыноўнік, Румас, Макей – усе яны нам хлусяць пра незалежнасць», – зазначае філосаф, адзін з ініцыятараў кампаніі «Свежы вецер» – «Канстытуцыя.бел» Уладзімір Мацкевіч.

Пытанне незалежнасці гучыць і ў перадвыбарчай кампаніі.

Любыя інтэграцыйныя праекты павінныя быць накіраваныя на ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці краіны, гаворыць Алег Гайдукевіч, які напярэдадні замяніў свайго бацьку Сяргея Гайдукевіча на пасадзе старшыні Ліберальна-дэмакратычнае партыі Беларусі. Блізкая да ўлады палітычная сіла выставіла 110 прэтэндэнтаў на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў. Новы лідар кажа, што выступае і за адзіную Еўропу, і за інтэграцыю з Расеяй:

«Я прыхільнік інтэграцыйных праектаў, але ні ў якія паглынанні я не веру».

Партыя БНФ напярэдадні вылучыла 50 прэтэндэнтаў на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў. Паводле намесніка старшыні БНФ Аляксея Янукевіча, партыя мае дзве мэты ўдзелу ў выбарчай кампаніі: інфармаванне насельніцтва пра пагрозу, якую нясе інтэграцыя і мабілізацыю беларускага грамадства на абарону незалежнасці праз усе магчымыя формы.

Не хоча жыць у Саюзнай дзяржаве і абсалютная бальшыня апытаных «Белсатам» жыхароў сталіцы:

«Супраць, вядома, выступаю. Калі б мы аб’ядналіся з Расеяй, тады б дабра не было».

«Беларусь – гэта незалежная дзяржава, самастойная спакон веку. І хопіць ужо нам гэтых абʼяднанняў і імперыяў».

«Справа ў тым, каб у кішэні грошы былі. І не важна, расейскія рублі, долары, еўры. Галоўнае, каб ты за гэтыя грошы мог нешта набыць».

«Беларусь павінна быць незалежнай».

«Я так люблю Беларусь, што мне больш нічога і не трэба».

«Мяне задавальняе незалежная беларуская дзяржава. Далейшы шлях я бачу ў далучэнні да адзінай Еўропы».

Тыя ж, хто не супраць хаўрусу з Расеяй, усё адно занепакоеныя палітыкаю Крамля:

«Я не супраць Саюзнай дзяржавы, але каб Пуцін быў – не, напэўна».

«Беспарадку будзе больш, калі Пуцін прыйдзе».

«А мы ўжо жывем так. Пуцін ужо прэзідэнт».

Не Пуцін, але і не Лукашэнка, бо апошні не абаронца незалежнасці Беларусі.

«Ён панаварочваў, ён сам мае адказаць. Але разумееце, тут індывідуальная яго адказнасць, яна, на жаль, перакладваецца на нашыя плечы», – кажа Сяргей Бульба, адзін з ініцыятараў кампаніі «Свежы вецер» – «Канстытуцыя.бел».

«Не ён здабыў нашую незалежнасць, і не яму ёй гандляваць», – дадае Уладзімір Мацкевіч.

А таму і адзін з лозунгаў кампаніі гучыць так: «Нічога пра нас без нас!»

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»