Яшчэ цягам двух-трох тыдняў колькасць хворых на «Ковід-19» будзе павялічвацца штодня на 340–360 чалавек, прагназуе Міністэрства аховы здароўя: такія лічбы агучыла на сённяшнім брыфінгу ведамства. Гэта азначае, што ўлады «запланавалі» яшчэ прынамсі 5-7 тысяч выпадкаў да канца красавіка. Штопраўда, на чым грунтуецца такі прагноз, чыноўнікі не паведамляюць. Дый беларусы афіцыйным крыніцам мала вераць.
«Кажуць шмат па тэлебачанні».
«Што, афіцыйнае? Ды ну, што вы».– Не, я нікому не веру.
– Як думаеце, медыцына здольная справіцца?
– Мяркуючы па тым, што кажуць у свеце, медыцына ўвогуле бяссільная. Так што жывем адным днём, – кажуць жыхары Глыбокага.
Афіцыйна на Глыбоччыне выпадкаў каронавіруснай інфекцыі не зафіксавалі. Але ў суседніх раёнах – Пастаўскім і Вушацкім – «Ковід-19» ужо ёсць. А ў Докшыцах і Бягомлі ў больніцах – шмат пацыентаў з дыягназам «запаленне лёгкіх». Увогуле ж на Віцебшчыне, паводле Мінздароўя, зарэгістраваныя 848 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Гэта больш як ува ўсіх астатніх вобласцях Беларусі, узятых разам, без уліку Менску.
Міністэрства аховы здароўя парэкамендавала дзецям, у якіх ужо другі незапланаваны тыдзень вакацыяў, не наведваць гурткоў і спартовых секцыяў. Але афіцыйнай забароны ні на дзіцячыя ні на іншыя масавыя імпрэзы ў краіне ўсцяж няма. Фельчар хуткай дапамогі з Крупак Уладзімір Макаранка, які, звярнуўшыся да беларусаў у сацыяльных сетках, назваў наведанне велікодных набажэнстваў здрадаю медыкам, такога ж меркавання прытрымліваецца і наконт іншых масавых імпрэзаў.
«Наконт спартовых мерапрыемстваў ды параду я ўжо казаў у новым відэа, што я таксама супраць гэтага. На гэта не варта траціць грошы», – перакананы Уладзімір Макаранка.
Фельчар адзначае, што дактары не даюць падпіскі пра неразгалашэнне, але гаварыць аб праблемах усё адно баяцца:
«Людзі баяцца, мы разумеем, што можа быць нейкая кара за тое, што будзеш гаварыць. Усе ведаюць, што выклікалі ў пракуратуру доктарку, якая падняла пытанне, што не хапае сродкаў абароны».
Але супраць правядзення параду 9-га траўня выступаюць не толькі дактары, але і грамадзяне краіны.
Актывісты руху «За свабоду» сабралі дзве з паловаю тысячы подпісаў за адмену параду і накіраванне сродкаў на апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх.
«Калі яны не ведаюць, дзе зэканоміць, – вось добрая магчымасць адмяніць парад і 2 мільёны долараў пусціць на апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, на неабходныя маскі, іншае абсталяванне, перш за ўсё трэба клапаціцца пра здароўе людзей», – кажа лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Петыцыю за адмену параду Юрась Губарэвіч перадаў у Палату прадстаўнікоў.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»
Фота Андрусь Гаёвы