Выданне «Коммерсантъ» са спасылкаю на дырэктара ў справе міжнародных транспартавых аперацыяў расейскай кампаніі «FM Logistic» Яраслава Белавусава паведамляе, што пункт пропуску «Шальчынінкай-Беняконі» на мяжы Літвы і Беларусі могуць закрыць ужо ў траўні.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Скараціць колькасць памежных пунктаў, каб узмацніць там, дзе найбольшая напружанасць, дзе найбольшыя чэргі і гэтак далей. Я думаю, гэты падлік рабіўся і раней і пераглядаецца таксама, і сцвярджаць, што гэты канкрэтны памежны пункт не будзе закрыты, нельга», – кажа палітолаг з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс.
Пра магчымасць закрыцця пераходу паведамлялася і раней, да прыкладу, на тэлеканале ОНТ:
«Літоўскія палітыкі абмяркоўваюць магчымасць закрыць і яго і па прыкладзе Польшчы пакінуць толькі адзін дзейны пераход з Беларуссю. Мяркуецца, што ім стане пункт “Мядзінінкай”».
Памежная служба Літвы на запыт «Белсату» пра магчымае закрыццё пераходу ў траўні не адказала.
Калі пераход «Шальчынінкай» сапраўды зачыняць, то паміж Літвой і Беларуссю застанецца толькі адзін пункт пропуску – «Мядзінінкай-Каменны Лог», з найбольш прыстасаванай інфраструктурай. Пераходы «Шумскас» і «Твярачус» літоўскія ўлады закрылі летась у жніўні. У тым ліку праз размяшчэнне ў Беларусі наймітаў-вагнэраўцаў. Сёлета ў сакавіку закрылі яшчэ два: «Лаворышкес» і «Райгардас». Абгрунтавалі гэтае рашэнне нацыянальнаю бяспекаю і кантрабандаю з Беларусі.
«Як вядома, кантрабанда – крыніца фінансавання рэжыму ў Беларусі, бо яна падкантрольная Лукашэнку і ягонаму атачэнню. Для нас вельмі важна гэта спыніць. Закрыццё пунктаў дазволіць нам лепш кантраляваць ажыццяўленне санкцыяў», – казала падчас закрыцця напрыканцы лютага міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.
Цяпер на мяжы з Еўразвязам, апроч двух літоўскіх, дзеіць адзін пункт пропуску на мяжы з Латвіяй, на польскай – па адным для грузавога і для пасажырскага транспарту. Паводле Памежнага камітэту Беларусі, на 14-ую гадзіну выезду з Беларусі на дзейных пераходах чакалі 2420 фураў, 580 легкавікоў і 20 аўтобусаў.
Чэргі на дзейных пунктах увесь час растуць. Праезд аўтобусамі стаўся даражэйшы і даўжэйшы – як праз стаянне транспарту ў чарзе і праз змену маршрутаў. У стратах і перавознікі: паводле выдання «Коммерсантъ», у параўнанні з лютым тэрміны дастаўкі тавараў павялічыліся прыкладна на тыдзень, а тарыфы – на 40-50 %. Кошт месца для фуры ў чарзе на польскім баку, каб скараціць чаканне, вырас у пяць разоў.
«У першую чаргу падвышаюцца кошты перавозак, што, канешне, перакладаецца на кошты тавараў у крамах для звычайных пакупнікоў. Але таксама гэта мае і іншы ўплыў: тыя людзі, што працуюць кіроўцамі цяжкавікоў таксама зарабляюць больш, калі кудысьці едуць, чым калі проста стаяць на мяжы», – кажа прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.
Пры гэтым мэты, якія ставілі літоўскія ўлады, зачыняючы пераходы, дасягаюцца, мяркуе Віціс Юрконіс: зменшылася плынь людзей праз мяжу, і лепш кантралюецца перавоз тавараў. І хоць для некаторых грамадзянаў абедзвюх краінаў закрыццё пераходаў нязручнае, Беларусь застаецца небяспечнаю суседкаю.
«Такія аргументы ўмацоўваюць рашэнне паменшыць колькасць памежных пунктаў, каб не заахвочваць вандроўнікаў, турыстаў, пакупнікоў, спекулянтаў – усе катэгорыі пад ударам, і рэжым гэтым можа скарыстацца», – перакананы Віціс Юрконіс.
Рэжым жа працягвае бясконцыя вучэнні, у тым ліку ля заходніх межаў. Не спыняюцца спробы мігрантаў перайсці мяжу з беларускага боку, а памежныя службы суседніх краінаў увесь час паведамляюць пра буйныя партыі злоўленай кантрабанды. Напярэдадні пра чарговую спробу правезці ў фуры цыгарэты паведамлялі польскія памежнікі.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»