І ў Маскве, і ў Вашынгтоне. Турцыя вядзе падвойную «ракетную» гульню


Расея плануе прадаць Турцыі яшчэ адзін супрацьпаветраны зенітна-ракетны комплекс С-400. Пра гэта паведаміў гендырэктар «Рособоронэкспарту» Аляксандр Міхееў. Першую партыю ўзбраення прывезлі ў Турцыю ўлетку, і кантракт выклікаў пратэст у ЗША. Пад пытаннем і моц агульнай сістэмы абароны, і супраца Анкары ў NATO.

Улады Турцыі сцвярджаюць: расейскія сістэмы СПА С-400 не будуць інтэграваныя з абароннай сістэмай NATO. Пры гэтым ніякай пагрозы для амерыканскіх F-35 няма, лічаць у Анкары. Там тлумачаць: саюзнікі па Паўночнаатлантычным альянсе прыбіраюць свае сістэмы СПА з турэцкай тэрыторыі, вось і даводзіцца абараняцца з дапамогаю расейскіх комплексаў.

«Прапанова Анкары Вашынгтону стварыць працоўную групу для вывучэння тэхнічных аспектаў комплексаў С-400 застаецца ў сіле. У склад гэтай групы могуць увайсці і адмыслоўцы NATO», – заяўляе міністр замежных справаў Турцыі Мэўлют Чавушаглу.

Сюжэт – у выданні «Аб’ектыву»:

Вашынгтон баіцца, што спалучэнне ў межах турэцкай вайсковай сістэмы амерыканскіх самалётаў і расейскіх ракетаў, якія могуць гэтыя машыны збіваць, дапаможа Маскве ўдасканаліць сваё ўзбраенне.

«Мы выразна заявілі турэцкаму ўраду, што хочам, каб яны адмовіліся ад поўнага ўвядзення ў эксплуатацыю сістэмы ўзбраенняў С400», – адзначае дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэёў.

Масква цяпер гатовая перадаць яшчэ адну партыю С-400, паводле заключанага з Анкарой два гады таму кантракту. Купленыя сістэмы маглі тэставаць на знішчальніках Ф-16, што стаяць на ўзбраенні турэцкае арміі. На змену гэтым машынам меліся прыйсці новыя амерыканскія знішчальнікі F-35. Цяпер угода заблакаваная Белым домам.

«З аднаго боку, амерыканцы хочуць падтрымання ўсходняга флангу NATO усім Звязам, уключаючы Турцыю, з другога боку, Марк Пэнс паехаў у Ірак і размаўляў з курдамі, каб наладзіць адносіны на гэтай лініі. Нічога дзіўнага, што Турцыя, у якой цяпер шмат козыраў у руках, стараецца іх выкарыстоўваць», – тлумачыць вайсковы эксперт з Варшавы Юльюш Сабак.

Пры гэтым у Расеі не выключаюць супрацы з Анкарою і ў іншай сферы: Масква можа аказаць дапамогу Анкары ў стварэнні свайго знішчальніка.

«Калі Бог дазволіць, мы плануем стварыць наш знішчальнік у найбліжэйшыя 5-6 гадоў», – заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган.

Анкара і Вашынгтон не спяшаюцца ляпаць дзвярыма: прэзідэнт Турцыі паабяцаў, што бакі будуць працягваць шукаць кампраміс да вясны наступнага года. Зрэшты, у сваім супрацьстаянні з хаўруснікамі з альянсу Анкара, падобна, адкрыла яшчэ адзін фронт. Паводле звестак агенцтва «Ройтэрз», турэцкія ўлады адмовіліся падтрымаць план абароны краінаў Балтыі і Польшчы.

Ян Маравіцкі, Усевалад Шлыкаў belsat.eu