Хто аб’ядае дзяцей?


Яшчэ не скончыліся суды ў гучнай «справе медыкаў», як з‘явілася новая крымінальная справа аб карупцыі ў сферы сацыяльнай – ды яшчэ звязанай з дзецьмі. У Гомлі расследуюць крадзяжы харчоў, што накіроўваліся ў школьныя сталоўкі. Затрыманыя 11 асобаў.

У Гомлі як мінімум два гады злачынная група аб’ядала дзяцей. Як паведамляе абласны аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, загадчыца складу «Гомельскага гарадскога камбіната школьнага харчавання» разам з кладаўшчыком, тавараведам, грузчыкамі і загадчыцамі школьных сталовых арганізавала схему стварэння лішкаў на складзе. Грэчка, згушчонка, мяса, рыба і кансервы – з кожнай партыі харчоў для дзяцей убок адкладвалі значную частку – да траціны. А потым прадавалі прадпрымальнікам, у тым ліку ў Расею.

Нічога новага – кажа былы настаўнік Васіль Палякоў, звычайная савецкая схема:

«Раней на гэта менш звярталі ўвагу. Цяпер, калі бюджэт трашчыць па швах і трэба лічыць кожную капейчыну, Следчы камітэт атрымаў загад шукаць усе мажлівыя парушэнні».

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу – крадзеж праз злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі групай асобаў з папярэдняй дамовай. Затрыманыя 11 асобаў. У беспрацоўнай дачкі загадчыцы складам камбіната пад арышт узялі дарагі аўтамабіль «Інфініці».

Шмат хто з жыхароў Гомля такім навінам не здзівіўся. Вось што кажуць апытаныя «Белсатам» гамельчукі:

«Людзі мала зарабляюць, таму няма выйсця, а жыць неяк трэба».

«У кожнага чалавека свой парог сумлення, кожны сам адказвае за свае ўчынкі».

«А можа, усёдазволенасць і кепскі кантроль».

Справа не толькі ў Гомлі. У судзе Менскага раёну распачаўся новы працэс над былым кіраўніком спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам.

«Барысевіч у мінулым працэсе прызнаваў сваю віну, але, як кажуць сваякі ў размовах, суд па першай справе ўжо цягнецца больш за год, і пакуль ніякага рашэння няма, і на іх думку, няма дастатковых доказаў», – адзначае журналіст «Белсату» Арцём Лява, які працуе на працэсе.

І ў мінулы, і ў гэты раз гаворка пра атрыманне хабару, звязанае з дамовамі аб закупах. Сярод сённяшніх падсудных таксама тры былыя працаўнікі Камбіната школьнага харчавання Ленінскага раёну сталіцы, іх абвінавачваюць у махлярстве, крадзяжы і карупцыі. Дык што рабіць, каб дзяцей у школах не аб’ядалі карупцыянеры? Ёсць два падыходы ад гамельчукоў:

«Трэба дзіцячыя сталовыя ставіць на асобы кантроль, а то будуць цягнуць і цягнуць».

«Калі б займалася харчаваннем непасрэдна школа, бо гэтым займаецца камбінат харчавання, то можа было б іначай».

Прыватнік сам у сябе красці не будзе, кажа Васіль Палякоў:

«Трэба мяняць усю сістэму… На сёння ўсё размяркоўваецца зверху ўніз. З Менску па вобласцях, адтуль па раёнах, з раёнаў па школах. На ўзроўні школы мусіць вырашацца пытанне: хто будзе пастаўляць харчы і гатаваць іх».

Перамагчы карупцыю абяцаў малады кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка 25 гадоў таму. Цяпер барацьба з карупцыяй – ягоны спосаб кантролю лаяльнасці чынавенства на ўсіх узроўнях.

«Пакуль на стол мне не пакладуць вычарпальныя факты, ніхто да вас дакрануцца не можа… Але калі я бачу канкрэтныя правапарушэнні, звязаныя з хабарамі ды іншымі праявамі карупцыі – памнажайце на 2 як мінімум», – пагражаў падначаленым Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння кіраўнікоў абласных і раённых выканкамаў 15-га студзеня.

У выніку карупцыйныя схемы прарастаюць праз усю вертыкаль улады. Ад палацаў да сталовак.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: president.gov.by