Хашчавацкі патлумачыў, што такое «рускій мір»


«Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі «русский мир». Гэтак называецца апошні фільм вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста Юрыя Хашчавацкага, аўтара фільмаў «Звычайны прэзідэнт», «Плошча» і «Лабатамія». Што ж такое «рускій мір», і чым ён небяспечны? Атрымаць адказ на гэтыя пытанні змаглі наведнікі прэзентацыі кінастужкі, якая прайшла ў Менску.

Ад Івана Трэцяга, празванага «Збіральнікам зямлі рускай», да анексіі Крыму Расеяй ды ўзброенага канфлікту на Данбасе. Юрый Хашчавацкі прэзентаваў у Менску свой апошні фільм-даследаванне пра так званы «рускій мір» ды правёў з гледачамі творчую сустрэчу.

«Калі з усіх бакоў крычаць рознае, вельмі цяжка асэнсаваць, дзе сапраўднае. Вось менавіта для гэтага я і зрабіў гэты фільм: каб паспрабаваць як мінімум сябе абараніць ад той вар’яцкай прапаганды, якая ідзе цяпер ледзь не з кожнага праса«, – кажа Хашчавацкі.

Аляксандр Лукашэнка не раз публічна адхрышчываўся ад «рускага міра», кажучы, што «мы – беларусы і гэта не пра нас». Тым не менш, на думку рэжысёра, для Беларусі гэтая праблема актуальная, як ніколі.

«Гэты «рускій мір», гэтыя георгіеўскія стужкі – яны лезуць з усіх шчылінаў. Што адбываецца ў Віцебску, у Магілёве? Усе гэтыя казакі, якія з усёй моцы прагнуць таго, каб прыйшоў сюды гэты «рускій мір». Усе гэтыя крыкі, калі высвятляецца, што нехта размаўляе па-беларуску! Яны ж адразу ворагамі становяцца! Расея – гэта імперыя, якая спрабуе ўсіх вакол прывесці да сваёй арбіты», – дадае Хашчавацкі.

Тэму расейкай імперскасці і агрэсіўнай замежнай палітыкі Расеі Хашчавацкі асвятляў у адным са сваіх папярэдніх фільмаў «Лабатамія», прысвечаным расейска-грузінскаму канфлікту ў 2008-м годзе.

«Гэты фільм працягвае традыцыі «Лабатаміі» і ёсць такой адукацыйнай стужкай, якая распавядае пра тое, а што ёсць такое той самы «рускій мір», як ён з’явіўся, як на працягу некалькіх стагоддзяў адпрацоўваліся ягоныя стратэгіі і тактыкі, як ён уплывае на само насельніцтва Расеі ды на тых, хто вакол яе», – кажа кінакрытык Андрэй Расінскі.

Сваймі ўражаннямі пра фільм з намі падзяліліся наведнікі прэзентацыі:

«Ён актуальны для ўсіх народаў постсавецкай і пострасейскай, імперскай сістэмы».

«Хоць ён, як і ўсе творы Юрыя Хашчавацкага, вельмі такі рэзкі, на мяжы сатыры, але ў той жа час там прысутнічае і апалітычнасць, і ўдумлівасць. Гэты фільм вучыць думаць».

«Усе гэтыя праблемы, якія фільм узняў, – гэта яшчэ не канец. Трэба быць пільнымі! Трэба жыць, выжыць і працягваць сваю працу».

16 сакавіка прэзентацыя фільму адбылася і на нашым тэлеканале. Стужку можна паглядзець на старонцы »Белсату«.

Міхась Ільін