Следчы камітэт давёў да смерці маці апазіцыянера


«Нязручны» грамадзянін Генадзь Падальніцкі стварае праблемы гомельскай адміністрацыі. Вакол актывіста згуртаваліся гомельцы з сваймі прэтэнзіямі і крыўдамі на судовую сістэму, дзейнасць чыноўнікаў, праваахоўныя органы. Людзі падтрымліваюць адно аднаго, арганізавана ходзяць на суды і дамагаюцца прыёмаў у абласным выканкаме.

«Супольная барацьба больш эфектыўная, дасць большы вынік. Мы ў гэтым ужо пераканаліся, калі людзі аб’ядноўваюцца яны здольныя дасягнуць агульнага ўсяго», – кажа Генадзь.

Супраць актывіста распачалі крымінальную справу

Апазіцыянера абвінавачвалі ў збіцці ўласнай маці. Затрымалі мужчыну ў верасні, акурат калі група мела трапіць на прыём да старшыні аблвыканкаму.

«Што тут насцярожвае. Тое, што гэтая справа крымінальная была спыненая савецкім РАУС куды былі перададзеныя матэр’ялы, у сувязі з адсутнасцю складу злачынства яшчэ ў чэрвені месяцы», – звярнуў увагу праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Расправа

«Маці казала, што мяне ніхто ні б’е, адчапіцеся ад майго Геначкі. Я сама была, калі забіралі першы раз у следчы камітэт Генадзя Уладзіміравіча, і я проста не разумею навошта яны так даводзілі чалавека хворага і самога Генадзя Уладзіміравіча», – узгадвае Наталля Казлова, удзельніца групы самадапамогі.

Маці Падальніцкага не пісала заяваў у міліцыю на сына. Пры медычным аглядзе жанчыны слядоў ґвалту не было выяўлена. Складаецца ўражанне, што абвінавачанні супраць актывіста ўзбуджаюцца напярэдадні паходаў у адміністрацыю і грамадскіх акцыяў Групы самадапамогі.

«Папросту ў маім дачыненні здзейснілі расправу. Расправу за тое што, я з’яўляюся кіраўніком групы і мы не сядзім а ўвесь час адстойваем свае правы», – упэўнены Генадзь Падальніцкі.

Не вытрымала ціску

Маці спадара Генадзя, жанчына сталага веку, вельмі балюча перажывала ўвагу праваахоўных органаў да сваёй сям’і. Праз некалькі дзён пасля затрымання сына кабета з інсультам трапіла ў гарадскую лякарню. Днямі жанчына, не выходзячы з комы, памерла.

Андрусь Такінданг, «Белсат»