Караблі ад расейскай амбасады прыплылі ў суд. Актывістаў, якія месяц таму на знак падтрымання Украіны ў Керчанскім канфлікце пакінулі каля дыпламатычнага будынку папяровыя караблікі, аштрафавалі паводле ўсёй строгасці.
«Парушальнік парадку ўстанавіў цацачны караблік». Прыблізна такія фармулёўкі гучалі сёння ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Вядомы рэгулярным разглядам палітызаваных справаў суддзя Іван Касцян палічыў праяву салідарнасці з захопленымі Расеяй украінскімі маракамі «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам». Актывістам Яўгену Батуру і Святлане Каваленцы далі па 20 базавых (Br 490). Столькі ж атрымала журналістка газеты «Новы час» Дзіяна Серадзюк.
Дзіяна Серадзюк, журналістка газеты «Новы Час»: « Я была журналістам: рабіла фота, размаўляла з удзельнікамі. Караблікаў не ставіла. Тым не менш, сведкі сказалі – ставіла. Што тут можна каментаваць? Цырк ды і толькі».
Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў: «Суддзя не захацеў разбірацца ў справе. Вельмі шкада, што суд, міліцыя абмяжоўваюць правы журналістаў – правы, гарантаваныя нашым, беларускім Законам аб СМІ».
Анатоль Лябедзька, палітык, «Еўрапейскі дыялог»: «Я не ведаю, што рабіць у гэтай сітуацыі Макею і ягоным дыпламатам, якія тлумачаць, што ў Беларусі ўсё нармальна. Гэта проста сон розуму».
На самой акцыі, якая адбылася амаль месяц таму пад расейскаю амбасадай, абышлося без затрыманняў. Толькі аператары-аматары фіксавалі ўдзельнікаў на відэакамеры.
Святлана Каваленка, актывістка АГП, удзельніца акцыі: «Нейкі незразумелы падыход. Калі пасля трагедыі ў Кемераве прыходзілі да расейскай амбасады… Я запыталася ў міліцыянтаў: дзе, скажыце, пратаколы на тых людзей?».
Актывісты збіраюцца абскардзіць рашэнне суда, бо, паводле іх, не абскардзіць – значыць пагадзіцца з абсурдам.
Сцяпан Святлоў, «Белсат»
Фота вокладкі – spring96.org