«Гэта быў палітык агульнабеларускага маштабу». Знікламу Віктару Ганчару – 60


60-ы дзень народзінаў Віктара Ганчара. Дагэтуль апазіцыйны палітык лічыцца зніклым без вестак. Апошні раз яго бачылі ў 1999 годзе разам з сябрам Анатолем Красоўскім ля лазні на вуліцы Фабрычнай.

У час расследавання ў ваколіцах знайшлі аскепкі аўтамабіля Красоўскага, сляды тармажэння, удару аўта аб дрэва ды кроў Ганчара. Паказанні сведак указвалі на тое, што Ганчара і Красоўскага гвалтоўна выкралі. Але што яшчэ дазналіся следчыя, застаецца неагучаным.

«Пастаянна родныя, праваабаронцы, адвакаты патрабуюць ад следчых органаў прадставіць інфармацыю пра хаду папярэдняга расследавання. І нават падказваюць, якія працэсуальныя дзеянні неабходна правесці, каб неяк высветліць карціну таго, што адбылося. Але на гэта мы заўжды атрымліваем адмовы», – кажа Раіса Міхайлоўская, аўтарка фільму «Банда» пра зніклых палітыкаў.

На выбарах у 1994 годзе Ганчар быў у камандзе Лукашэнкі

Віктар дапамог будучаму кіраўніку Беларусі прыйсці да ўлады, але затым сышоў у апазіцыю. Быў старшынём Цэнтрвыбаркаму, актыўна выступаў супраць кіраўніка краіны падчас рэферэндуму 1996 года.

За 4 дні да галасавання Ганчар страціў пасаду старшыні ЦВК. Палітык пачаў збіраць ды рыхтаваць доказную базу для імпічменту Лукашэнкі.

«Гэта быў палітык агульнабеларускага маштабу. Ён быў з пяцёркі, можа тройкі тых, хто ўяўляў рэальную асабістую пагрозу для Лукашэнкі, гэта быў выклік для Лукашэнкі», – тлумачыць палітык Анатоль Лябедзька.

У 1999 годзе пры нявысветленых акалічнасцях таксама знік палітык Юрый Захаранка, у 2000-м – журналіст Зміцер Завадскі. Дэмакратычная супольнасць неаднаразова ладзіла акцыі памяці.

Прадстаўнікі апазіцыі ды міжнародная супольнасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі сталі ахвярамі «эскадронаў смерці» – спецпадраздзялення беларускіх сілавікоў, і падазраюць у датычнасці да іхнага выкрадання найвышэйшых службовых асобаў краіны.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат», фота: Tolochko Viktor / ITAR-TASS / Forum