Гараджанаў не спыталі. Жыхары Мядзела супраць будаўніцтва на беразе возера


Жыхары аднаго з раёнаў Мядзела, што ў Менскай вобласці, ужо некалькі гадоў змагаюцца з мясцовымі ўладамі за захаванне лесу на беразе возера. І вось там з’явілася будаўнічая тэхніка ды пачала карчаваць маладыя сосны.

На ўскрайку Мядзела каля возера Рудакова пачалі выкарчоўваць маладыя сосны. Жыхарам вуліцы Маладзёжнай, напрыканцы якой карчуюць дрэвы, патлумачылі, што дрэвы будуць перасаджваць.

«Малады лес губяць пад корань, хоць абяцалі перасадзіць, але гэта несур’ёзна. Прыехаў экскаватар, кудысьці выкінулі».

«Увесь пасёлак сюды ў грыбы ходзіць, травы, расце і святаяннік, і мацярдушка. Яны вязуць на трактары гэтую сасонку, яна трасецца з прычэпу – плакаць хочацца», – распавядаюць мясцовыя жыхары.

Высветліць у мясцовых уладаў, для чаго высякаюць дрэвы, аказалася складанай задачай. З райвыканкаму нас накіравалі ў мядзельскі сельсавет, а адтуль – назад у райвыканкам.

«Сельскі савет у гэтым выпадку ніякай забудовы там не плануе. А нават калі раён лічыць неабходным там рабіць вуліцу, то напэўна гэта трэба для пашырэння тэрыторыі, для ўчасткаў, для людзей, каб яны там будаваліся», – патлумачылі ў Мядзелскім сельскім савеце.

Надзелы пад будаўніцтва жылля раздадуць несправядліва, цвердзіць мясцовы жыхар Уладзімір Казак:

«Паводле размоваў так бы мовіць, непацверджаны факт, бедная частка грамадства будзе атрымліваць участкі ўнізе, а багатыя будуць з аўкцыёну набываць зверху».

Яшчэ адна праблема, звязаная з такой забудовай, – адсутнасць на вуліцы Маладзёжнай цэнтральнай каналізацыі. Калі ў новых дамах паселяцца жыхары, якія не захочуць плаціць за адкачванне сцёкаў, то выкідамі з каналізацыі будзе забруджвацца возера. Між тым будаваць новыя дамы менавіта тут – зусім не абавязкова, лічаць мядзельцы.

«Наш горад і так не кампактны, раскіданы па кавалках, мікрараёнах, яго можна было б спакойна сабраць да кучы, па дарозе ёсць шмат участкаў, сельгаспалеткаў, на якіх ураджайнасць так сабе паблізу цэнтральнай дарогі», – кажа жыхар Мядзелу Яўген Герасімовіч.

Каардынатар грамадскага экалагічнага руху «Зялёны дазор» Станіслаў Таспаеў адзначае, што планы ўладаў парушаюць права людзей на спрыяльнае навакольнае асяроддзе:

«Тут парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, бо адсутнічае ўсялякае грамадскае абмеркаванне гэтага праекту, нам не прадставілі план гораду па першым патрабаванні хаця б для прагляду, і не было грамадскіх абмеркаванняў генплана гораду Мядзел».

Жыхары Маладзёжнай вуліцы ўжо звярталіся ў мясцовы савет дэпутатаў і ў Палату прадстаўнікоў, у пракуратуру і ў Міністэрства прыродных рэсурсаў. Цяпер яны спадзяюцца дабіцца правядзення грамадскіх слуханняў.

Ірына Дарафейчук belsat.eu