Гарадзенцы хочуць добраўпарадкаваць для турыстаў набярэжную Нёмна


Зрабіць Горадню больш прывабнаю для гарадзенцаў і турыстаў – з такой мэтай грамадскія актывісты запусцілі петыцыю да мясцовых уладаў на профільнай старонцы «Зручны горад». Гарадзенцы просяць добраўпарадкаваць правую набярэжную Нёмна ля абодвух замкаў і Драматычнага тэатру.

Брукаванка, дагледжаная архітэктура, кавярні, лаўкі ды жывая музыка – гарадзенская вуліца Савецкая практычна закрытая для транспарту, прывабная – для турыстаў. Вялікі патэнцыял гарадзенцы ўгледзелі троху ніжэй за турыстычны цэнтр – на вузенькай маляўнічай набярэжнай Нёмна. Звярнуліся да ўладаў з просьбаю:

Петыцыя #2540 са старонкі petitions.by:

«Зрабіць вышэйапісаны раён гораду свабодным ад аўтатранспарту і цалкам пешаходным, з асобнай паласою для велатранспарту. Гэта паўплывае на прывабнасць названага месца сярод мясцовых жыхароў, а таксама сярод турыстаў гораду».

Апытаныя намі госці гораду выказваюцца рашуча «за»:

«Цудоўная ідэя, бо прыгожы панарамны від. Можна паставіць сувенірныя лаўкі, кавяранкі, яшчэ нешта інтэрактыўнае прыдумаць».

«Калі менш будуць аўты ездзіць, то больш людзей будуць сюды прыходзіць, каб адпачыць у гэтых вашых прыгожых мясцінах».

Тыя ж, каму тут жыць, да пытання ставяцца асцярожна:

«Калі тут стаяць аўтамабілі, мне не падабаецца, гэта нязручна».

«Тую ж дарогу калі прыбяруць, то людзі не змогуць на працу сюды ездзіць».

«Бізнес-цэнтр там напэўна, так? Туды ж усё адно пад’язджаць неяк трэба. Паркавальных месцаў там няма. Мы і так няблага ездзім (кажы раварыст), можна б было закрываць рух на пэўны час».

Каб не псаваць жыццё працаўнікам бізнес-цэнтру «Замковый» і яшчэ некалькіх абʼектаў, якія карыстаюцца дарогаю, цалкам забараняць уезд сюды не варта – пагаджаецца экскурсавод і краязнаўца Аляксей Шота. Акцэнт ён пераводзіць на прывабнасць участку:

«Аднаўленне Броварнага заводу магло б стацца месцам прыцягнення. Без месца прыцягнення людзі не пойдуць. Штучна такое месца не стварыць, бо тут нельга нешта пабудаваць, бо гэта вузкая набярэжная. Што можна зрабіць зараз? Нейкая цікавая гарадская мэбля, мэбля-трансформеры, лавачкі, нават банальныя, звычайныя».

… а таксама маленькія шапікі, якія можна адчыняць у выходныя дні. У аглядную 4-гадзінавую экскурсію набярэжная не трапляе, кажа экскурсавод і падкрэслівае: бальшыня турыстаў з блізкага замежжа – людзі старэйшыя.

«Як можна выкарыстаць набярэжную? Гэта пераход ад Каложы да Замкаў. Але для сталага чалавека гэта даволі вялікі фрагмент. Каб тут было што паказаць, дзе прысесці і нешта яшчэ – было б файна. Бо інакш гэта пустая прастора. Таму турысты набярэжную аніяк не выкарыстоўваюць», – тлумачыць экскурсавод Аляксей Шота.

Бо пунктаў судакранання з Нёмнам у гэтай частцы цяпер толькі два – Карчма на беразе і лесвіца, якою спускаюцца да ракі дзеля пары здымкаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu