Чальцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі на пазачарговым з’ездзе 29 верасня вырашылі не вылучаць у кандыдаты цяперашнюю дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую. Партыйцы не задаволеныя тым, як іх паплечніца працавала над вырашэннем партыйных задач у Палаце прадстаўнікоў VI-га склікання. Пасля гэтага палітык прыпыніла сваё членства ў АГП.
«Здаровы сэнс і палітычны разлік адсутнічалі сёння на з’ездзе», – напісала палітык у «Фэйсбуку».
Вылучэнне Канапацкай у кандыдаты было галоўнаю інтрыгаю з’езду. У выніку асобнага галасавання кандыдатуру Ганны Канапацкай не зацвердзілі.
«Мне нават не далі слова для выступу, галасавалі па маёй кандыдатуры асобна нягледзячы на тое, што яна была адобрана менскай гарадской арганізацыяй. Нічога не нагадвае? Цалкам у стылі асобных прадстаўнікоў дзейнай беларускай улады, – дадала Канапацкая. – У сітуацыі, якая склалася, я прымаю рашэнне прыпыніць сваё сяброўства ў Абʼяднанай грамадзянскай партыі».
Аднапартыйцы выставілі да цяперашняй дэпутаткі пытанні адносна неэфектыўнага правядзення палітыкі партыі і яе галоўных задач: змены выбарчага заканадаўства і правядзення свабодных і справядлівых выбараў.
«Я сёння раблю нашмат больш, чым многія з тых, хто сёння стаіць за стырном партыі. Давайце сумленна казаць: тое, што адбываецца ў менскім офісе, – гэта не ўся партыя. Уся партыя – гэта рэгіёны і актывісты, якія ў сённяшняй няпростай сітуацыі прапагандуюць ідэалы, прыхільнікам якіх ёсць і я як сябра АГП», – заявіла Ганна Канапацкая «Белсату».
Ганна Канапацкая – адна з дзвюх апазіцыйных дэпутатак у Палаце прадстаўнікоў VI-га склікання.
Пазачарговы з’езд АГП адбыўся з мэтай, каб вылучыць кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў. Гэтак, вылучэнцы АГП маюць рэпрэзентаваць сваю партыю ў бальшыні выбарчых акруг па ўсёй краіне.
Кандыдатамі ад АГП вылучаюцца ня толькі партыйцы, але і прадстаўнікі іншых, незарэгістраваных партыяў і рухаў, а таксама вядомыя актывісты і блогеры. Сярод іншых – берасцеец Аляксандр Кабанаў, які за сваю кандыдатуру дадаткова сабраў подпісы.
«Я цяпер не гуляю ў выбары: я спрабую прыцягнуць увагу людзей да таго, што толькі мы зараз можам змяніць сітуацыю і з выбараў зрабіць выбары – не Ярмошына, не ЦВК, людзі павінныя паверыць у сябе», – сказаў «Белсату» Аляксандр Кабанаў.
На з’ездзе таксама прынялі пасланне партыі да ўдзельнікаў выбарчай кампаніі як частку праграмы сваіх кандыдатаў. Галоўная скіраванасць паслання – еўрапейскі выбар для Беларусі. Гэта правядзенне сістэмных палітычных і эканамічных рэформаў ды перадусім захаванне незалежнасці Беларусі.
«Галоўнае пытанне ў цяперашняй сітуацыі – гэта, безумоўна, пытанне незалежнасці і суверэнітэту, гэта пытанне нумар адзін, якому мы будзем надаваць увагу. Мы будзем размаўляць з людзьмі пра тое, што спробы Расеі далучыць да сябе Беларусь – яны працягваюцца. Мы бачым гэтую небяспеку і павінны казаць пра гэта», – заявіў старшыня АГП Мікалай Казлоў.
У выніку з’езду стала вядома, што за дэпутацкія мандаты вылучэнцы АГП будуць змагацца ў больш як шасцідзесяці выбарчых акругах па ўсёй краіне.
Галіна Абакунчык, «Белсат»