Новы кіраўнік «Советской Белоруссии» Дзмітрый Жук адкрыта прызнаў наяўнасць абавязковай падпіскі на дзяржаўныя выданні сярод настаўнікаў. Колькі каштуе беларусам гэткі прымус?
«Советская Белоруссия» – самае масавае выданне краіны з накладам больш за 400 тысячаў экзэмпляраў.
Для параўнання, падобны тыраж мае адное з самых вядомых сусветных выданняў – брытанскае The Guardian.
Розніца ў тым, што гарантам тыражоў «Саўбелкі» выступае прымусовая падпіска. Якую афіцыйна прызнаў новы кіраўнік выдання Дзмітрый Жук у праграме «Клуб рэдактараў».
«Як журналіст, чалавек і грамадзянін катэгарычна перакананы, што людзям нанятым на працу дзяржавай, карысна чытаць дзяржаўную прэсу. Тым больш настаўнікам», – заявіў Жук.
Дзмітрый Жук сам былы настаўнік беларускае мовы. Што праўда, працаваў толькі год – у першыя гады незалежнасці Беларусі, калі прымусовая падпіска ў Беларусі не існавала.
Выказванне прагучала ў адказ на адкрыты ліст пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак з просьбаю скасаваць прымусовую падпіску.
Адкрыты ліст Яўгеніі Пастарнак да Жука:
«Працаўнікоў шмат якіх дзяржаўных установаў, напрыклад, настаўнікаў пад пагрозаю звальнення ці пазбаўлення прэміяў прымушаюць выпісваць шэраг перыядычных выданняў, у тым ліку і газету «СБ. Беларусь сегодня».
З меркаваннем кіраўніка «Савецкай Белоруссии» не згодны і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Прымусовая падпіска парушае не толькі правы спажыўцоў, але і галоўны закон краіны.
«Яна парушае роўнасць суб’ектаў гаспадаранання, якая гарантавана Канстытуцыяй. А друкаваныя выданні рэдакцыі, юрыдычныя асобы, якія атрымліваюць за гэта прыбытак. Пэўна колькасць выданняў апынаецца ў лепшым становішчы, чым іншыя», – мяркуе Бастунец.
Толькі летась на падтрыманне дзяржаўных медыяў з дзяржаўнага бюджэту пайшло 47 мільёнаў еўраў. Сёлета – на адзін мільён болей.
«Я глыбока перакананы, што дзяржаўнай прэсы наагул не можа быць. І ў дэмакратычных краінах яна не існуе як інстытут, бо яна пераўтвараецца са сродку масавай інфармацыі ў сродак давядзення палітыкі групы асобаў, якая знаходзіцца ва ўладзе, да астатняга насельніцтва», – кажа Бастунец.
Адначасова пад ціскам перабываюць усе альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, мінулы год быў адзін з найгоршых для свабоды медыяў у Беларусі. Адбылося больш за 100 затрыманняў. У разы вырасла і колькасць штрафаў за супрацу з замежнымі медыямі без акрэдытацыі, пераважна для працаўнікоў «Белсату».
Але разам з ціскам расце і давер.
Жыхары Менску кажуць:
«Я вам давяраю».
«Напэўна, хутчэй незалежным. Больш абʼектыўная інфармацыя».
«Незалежным, таму што яны незалежныя».
«Канешне незалежным, якія правяраюць так, як яно ёсць».
Бо сапраўдныя медыі маюць абавязак стаяць на варце грамадства і пільнаваць дзеянні ўлады. Тады як у Беларусі гэта грамадства стаіць на службе дзяржаўных журналістаў, якія пасля сыходу з медыяў нярэдка трапляюць на высокія дзяржаўныя пасады.
Вольга Жарнасек, «Белсат»
Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko